Беларускі незалежны кінафетываль «Паўночнае ззянне» — штогадовы фестываль, які прапануе беларускім гледачам найноўшыя мастацкія і дакументальныя фільмы Паўночнай Еўропы, краін Балтыі і Беларусі. Фестываль заснаваны прадзюсаркай і фільммэйкеркай Воляй Чайкоўскай пры падтрымцы Офіса Рады Міністраў Паўночнаеўрапейскіх краін у Літве. Упершыню кінафэст прайшоў у 2015 годзе.


На мове кіно фестываль расказвае пра асаблівасці жыцця і менталітэту жыхароў пяці Паўночнаеўрапейскіх і трох Балтыйскіх краін: Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі, Ісландыі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. З 2018 года ў праграме кінафестывалю ўдзельнічаюць фільмы з Фарэрскіх астравоў, з 2019 — з Грэнландыі.


З 2020 года «Паўночнае ззянне» паказвае таксама найноўшыя незалежныя беларускія фільмы ў адмысловай конкурснай праграме, такім чынам падтрымліваючы развіццё беларускай кінаіндустрыі і даючы голас беларускім аўтарам. Беларускі конкурс ацэньвае міжнароднае журы.


Акрамя таго, «Паўночнае ззянне» падтрымлівае асвету ў кіно ў Беларусі і праз індустрыйныя івэнты. Фестываль — адметная пляцоўка для абмену досведам i новымі ідэямі паміж прафесіяналамі і аматарамі ў сферы кіно. У дні фестывалю і на працягу года ў межах кінафэсту можна наведаць дадатковыя паказы, лекцыі, майстар-класы ды іншыя мерапрыемствы для беларускіх рэжысёраў, прадзюсараў і аматараў як у галіне мастацкага, так і дакументальнага кіно.

Улічваючы хібы індустрыі кіно ў Беларусі, нястачу фінансавання і адукацыі, для «Паўночнага ззяння» вельмі важна — праз дэманстрацыю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін, а таксама Беларусі — несці дэмакратычныя каштоўнасці разнастайнасці, роўнасці і свабоды праз кіно; арганізоўваць супольнасць кінематаграфістаў; развіваць беларускае кіно і кінаіндустрыю; спрыяць супрацоўніцтву, інклюзіўнасці і падтрымцы псіхічнага здароўя.


На працягу гадоў гасцямі «Паўночнага ззяння» былі шведская рэжысёрка Каця Вік, ісландскі прадзюсар Антон Мані Свансан, нарвежскі пісьменнік Эрленд Лу, латвійскі рэжысёр тэатра і кіно Віестурс Каірыш, эстонскі прадзюсар Іва Фельт, фінская акцёрка Памэла Тола, дацкі пісьменнік Пітэр Хёг і іншыя дзеячы культуры і кіно. Гасцямі ці мадэратарамі івэнтаў «Паўночнага ззяння» былі і выбітныя беларусы: філосафка Вольга Шпарага, пісьменніца Таццяна Заміроўская, актывіст Нік Анціпаў, культуролаг Максім Жбанкоў, рэжысёрка Дар'я Жук і многія іншыя.


«Паўночнае ззянне» нясе мастацтва кіно, магію паўночнай і балтыйскай культуры на беларускай мове. Раней кінафестываль праходзіў у Мінску, а таксама ў іншых гарадах Беларусі: Гомелі, Віцебску, Гародні. З 2020 года фэст перайшоў у online і гібрыдны фармат, дазваляючы беларусам, дзе б яны ні знаходзіліся, глядзець сучаснае сусветнае і беларускае кіно.
ПРА ФЕСТЫВАЛЬ КІНО ПАЎНОЧНЫХ I БАЛТЫЙСКIX КРАІН "ПАЎНОЧНАЕ ЗЗЯНнЕ"
НАМ ДЗЯКУЮЦЬ
Міністэрства Культуры эстоніі