ХУТКІЯ СПАТКАННІ ДЛЯ КІНАПРАФЕСІЯНАЛАЎ

Апісанне
Удзельнікі

Апісанне

23 лістапада а 10:00 кінафестываль «Паўночнае Ззянне» супольна з прасторай Create Culture Space ў Вільні ладзіць «speed meetings» для беларускіх фільммейкераў з літоўскімі профі кінаіндустрыі. Падчас 20-хвілінных прыватных гутарак за асобнымі сталамі беларускія ўдзельнікі/цы змогуць задаць пытанні літоўскім рэжысёр(к)ам, прадзюсар(к)ам, аператар(к)ам, мантажор(к)ам ды іншым спецыяліст(к)ам кінасферы. Фармат «speed meetings» распаўсюджаны на індустрыйных платформах буйных кінафестываляў і дае магчымасць у сціслы час запітчыць праект, абмяняцца кантактамі для далейшай супрацы, задаць пытанні і атрымаць хуткую кансультацыю.

Мова iвента: англійская

Удзельнікі

Ромас Забараўскас, кінарэжысёр і прадзюсар

Ромас Забараўскас, літоўскі кінарэжысёр і прадзюсар, зарэкамендаваў сябе як правакацыйны балтыйскі сторытэлер з палітычна ангажаванымі і візуальна насычанымі стужкамі. Забараўскас атрымаў ступень бакалаўра кіно (2009-2012) ва ўніверсітэце Сен-Дэні (Парыж) з годам навучання па абмене ў каледжы Хантэр (Нью-Ёрк) і ступень магістра камунікацыі (2014-2016) у КДУ (Вільнюс). Цяпер ён працуе над постпрадакшнам свайго пятага поўнаметражнага квір-трылера «Актывіст». Ромас жыве ў Вільнюсе са сваім жаніхом Карнэліюсам.

Сільвія Вілкайтэ, мантажорка, кансультантка па мантажы

Сільвія Вілкайтэ, мантажорка, кансультантка па мантажы. Яна вядомая працай у фільмах «Новая Літва» (2019), «Святы» (2016), «Ты мне нічога не нагадваеш» (2023). Сільвія мае ступень бакалаўра ў галіне рэжысуры, а таксама магістарскую адукацыю ў галіне рэжысуры мантажу і прымяніла свае веды ў мностве праектаў, якія ахопліваюць поўнаметражныя, дакументальныя, кароткаметражныя фільмы, музычныя кліпы і рэкламу. Сільвія свабодна валодае майстэрствам візуальнага сторытэлінгу. Гісторыі, якія яна дапамагала ствараць, не ведаюць межаў, бо іх высока ацанілі як літоўскія, так і замежныя гледачы і крытыкі. Маючы больш як дзесяцігадовы досвед працы з візуальнымі матэрыяламі, Сільвія можа перакласці ідэю рэжысёра на мову кіно.

Дарыус Шыленас, мантажор, выкладчык рэжысуры мантажу

Дарыус Шыленас — скончыў Літоўскую акадэмію музыкі і тэатра са ступенню магістра відэарэжысуры. З 2011 года працуе мантажорам-фрылансерам. У 2019-м пачаў выкладаць у Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра. У 2020 годзе разам з Вітаўтасам Дамбраўскасам правёў першы курс рэжысуры мантажу. Дарыус Шыленас працаваў над шматлікімі літоўскімі кінапраектамі, якія ахопліваюць шырокі спектр жанраў — ад мастацкіх і дакументальных фільмаў да эксперыментальнага кіно і канцэртных візуалізацый. Быў двойчы намінаваны на прэмію «Срэбны журавель» у катэгорыі «Найлепшы мантаж» (2020 і 2023). Дарыус працаваў з такімі рэжысёрамі, як Эміліс Велівіс, Алена Кайрытэ, Ігнас Ёнінас, Крысціёнас Вільдзюнас, Цітас Лаўцюс, Эмілія Шкарнуліце, Кястуціс Гудавічус, Юстас Раманаўскас, Юстынас Крысюнас, Марыус Кунігенас, Саўлюс Барадзінскас. Таксама працаваў асістэнтам мантажора ў сумесных замежных праектах — міні-серыяле «Такійскі суд» (Netflix) і мастацкім фільме «Попел на снезе». Таксама Дарыус займаецца мантажом музычных кліпаў і тэлерэкламы.

Рыта Станелютэ, прадзюсарка маркетынгу кіно і камунікацый

Рыта Станелютэ — прадзюсарка маркетынгу кіно і камунікацый, у тым ліку ў кампаніі Mata Hari Comm. Мае акадэмічную адукацыю ў галіне журналістыкі і сувязяў з грамадскасцю, а таксама вялікі досвед працы ў кінаіндустрыі ў якасці прэс-сакратаркі, менеджаркі па продажах, куплях і дыстрыбуцыі. Яна таксама арганізатарка кінафестывалю ў Берліне Litauisches Kino Goes Berlin, працуе ў НДА эмацыйнай падтрымкі ў Вільнюсе і дапамагае маладым рэжысёрам быць заўважнымі на фестывалях і ў мясцовых кінатэатрах. Рыта з'яўляецца выпускніцай Летняй акадэміі Лакарна, семінара па маркетынгу EAVE, праграмы «Belt and Road» Шанхайскага МКФ, была сяброўкай журы CICAE на Director's Fortnight у Канах.