ААЛТА

Дакументальны байопік пра вялікага фінскага архітэктара і тых, без каго ён мог бы ім не стаць

Алвар Аалта — легенда архітэктуры XX стагоддзя, пiянер чалавека-арыентаванага скандынаўскага мадэрнізму і адзін з самых вядомых фінаў у гісторыі. Ён праектаваў будынкі санаторыяў, бальніц і інстытутаў на радзіме, афармляў інтэр'еры рэстаранаў, будаваў бібліятэку ў Расіі і інтэрнат Масачусецкага тэхналагічнага ўніверсітэта ў ЗША, адказваў за знешні выгляд канферэнц-залы ў штаб-кватэры ААН. А яшчэ ён прыдумаў свяцільню ў форме ручной гранаты, хвалепадобную вазу Savoy і тую самую круглую табурэтку на гнутых ножках, якую да гэтага часу капіруе IKEA. Дакументальны байопік суайчынніцы Аалта Вірпі Суутары, ніколькі не прымяншаючы заслуг архітэктара, упершыню настолькі падрабязна распавядае пра тое, што фінскі геній усё гэта рабіў не адзін — а разам з жонкамі і паплечніцамі Айнай і Элiсай. Удумлівы і велічны, як працы самога Аалта, фільм — сапраўдная скарбніца ўнікальных архіўных кадраў. Суутары чаргуе сучасныя здымкі ў створаных фінам будынках з сямейнай хронікай: на ёй пара Аалта катаецца на лодках з дзецьмі, падарожнічае ў ЗША, працуе ў офісе іх сумеснага архітэктурнага бюро Artek. «Аалта» пралівае святло на раней невядомыя падрабязнасці адносін Алвара і Айны: наогул гэта яна займалася ўсімі інтэр'ерамі і мэбляй і ў офісе бывала часцей, тады як мэтр мог падоўгу чакаць натхнення ў дамашнім кабінеце і лічыў, што жонка ў першую чаргу павінна займацца сям'ёй. У нейкай ступені кіно Суутары аднаўляе справядлівасць, даючы магчымасць выйсці на першы план тым, хто шмат гадоў заставаўся ў цені — мужоў, начальнікаў і чужых амбіцый.

Мова арыгіналу: англійская, фінская, шведская, нямецкая, французская, італьянская
Субцітры: беларускія | англійскія