У ЛЮСТЭРКУ

Сэлфi-камедыя латвійскай абсурдысткi Лайлы Пакалнiні — «Беласнежка» эпохі Instagram і фітнес-вар'яцтва.

«Святло маё, люстэрка, скажы...» — пільна гледзячы ў аб'ектыў франтальнай камеры, млява прамаўляе маладая жанчына з падцягнутай фігурай і злачынным прыжмурам. Нядаўна яна выйшла замуж за сімпатычнага ўдаўца — уладальніка трэнажорнай залы — і цяпер увесь вольны час прысвячае потнай фітнес-руціне, бясконцаму самалюбаванню і спробам даказаць усім свой статус каралевы ЗЛЖа. Усё б нічога, але на гарызонце ўжо маячыць канкурэнтка — юная дачка мужа па імені Беласнежка, якая мала таго што больш мілая і атлетычная за мачаху, дык яшчэ і ўмудраецца пабіць яе рэкорд па бёрпi. У ходзе неабыякавага і нават небяспечнага канфлікту Беласнежка збягае з бацькоўскага кросфiт-каралеўства ў таямнічы лес. Універсальны фальклор і зразумелыя ва ўсе часы казкі часта служаць асновай для актуальных гісторый, але рэдка хто адаптуе іх настолькі дасціпна, як Лайла Пакалнiня. Адна з галоўных рэжысёрак Прыбалтыкі ўжо пераносіла сюжэт «Папялушкі» ў савецкую Латвію (фільм «Чаравiк» 1998 года), а зараз змяшчае персанажаў братоў Грым у прастору сучасных чалавечых неўрозаў. «У люстэрку» — гэта мудрагелістая сатыра на свет сацсеткавага нарцысiзму і культу цела, зробленая ў звыклай для Пакалнiні ч/б-палітры і хаатычнай сэлфi-эстэтыцы: акцёры здымалі самі сябе на партатыўныя камеры, звяртаючыся з маналогамі непасрэдна да гледача. Вобраз злоснай мачахі ўвасобіла на экране прыма Латвійскага нацыянальнага балета Эльза Леймане, роля Беласнежкі дасталася дэбютантцы — маладой танцорцы Мадлене Вайльдберге, а семярых «гномаў» сыгралі сапраўдныя бодзібілдары, акрабаты, паркуршчыкi і трэйл-байкеры.

Мова арыгіналу: латвійская
Субцітры: беларускія | англійскія