«Мы не ведалі адно аднаго да гэтага лета». Антытаталітарны маніфест пад маскай падлеткавай камедыі
Спякотнае лета 1986 года. Вялікая кампанія эстонскіх школьнікаў едзе адпачываць у лагер — наперадзе іх чакаюць тры дні, поўныя прыгод, вечарынак і новых закаханасцей. Падлеткі слухаюць Duran Duran і абмяркоўваюць планы на жыццё: хтосьці баіцца дрэнна здаць іспыты і трапіць на службу ў Афганістан, хтосьці плануе рабіць кар'еру ў брэйк-дансе. Але бліжэйшая мэта на тры лагерныя дні ва ўсіх адна — паспець напіцца і заняцца сэксам. Важатыя не падзяляюць гэты бунтарскі энтузіязм: за добрыя паводзіны і перамогу ў конкурсе мастацкай самадзейнасці атраду належыць паездка на Чорнае мора. На гэты конт у галоўных герояў таксама з'явіцца ідэя — паставіць, напялiўшы маскі свіней, дзёрзкі спектакль пад назвай «У гэтай краіне нешта згніло», нарабіць шуму на ўвесь лагер, а можа, і на ўвесь Савецкі Саюз. Паралельна ў фільме развіваецца гісторыя няшчаснага кахання 16-гадовага Танеля — хлопец сумуе па прыгажуні Дыяне, якая хадзіла з ім на спатканне мінулым летам, а цяпер толькі акідвае халодным позіркам. Юнак, выпадкова ўцягнуты ў паўстанне супраць строгага кіраўніцтва лагера, даведваецца шмат новага пра сваіх таварышаў, каханую і самога сабе. «Бунт свіней» — пераможца і самы скандальны фільм Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю 2004 года. Гэта зараджаная антытаталітарнай энергіяй падлеткавая камедыя пра тое, як рэвалюцыі агаляюць самыя шчырыя пачуцці і эмоцыі людзей (і свіней).
Мова арыгіналу: эстонская Субцітры: рускія | англійскія