Апісанне
Размова пра фільм "Эфект герца"
Фільм «Эфект герца» стане нагодай для сустрэчы дзвюх зацятых аматарак гуку - галоўнай гераіні стужкі, амерыканскай музычнай перформеркі Лоры Амат і беларускай спявачкі Русі. Абедзве госці вывучаюць магчымасці голасу і разглядаюць яго як моцны інструмент для выражэння нашых эмоцыяў, таму гаворка пойдзе пра ўменне слухаць і чуць.
Мова iвента: англійская з паслядоўным перакладам на беларускую
Удзельнікі
Руся (Марына Шукюрава). Беларуская этнічная спявачка, вакальная тэрапеўтка, актрыса дубляжу кіно (Украіна/Беларусь)
Марына (Руся) Шукюрава - беларуская этнічная спявачка, вакальная тэрапеўтка, актрыса дубляжу кіно, стваральніца мабільнай прылады для трэніроўкі голасу і ютуб-каналу Vocal Image. Працуе ў сферы беларускай культуры і вакальнай тэрапіі. Мае адукацыю педагога, лінгвіста-перакладчыка (Беларусь), сацыолага (Літва), сэксолага (Украіна), вакальнага музычнага тэрапеўта (Германія).
Лоры Амат. Вакалістка, эксперыментальная кампазітарка і выкладчыца (ЗША)
Лоры Амат - знакамітая вакалістка, эксперыментальная кампазітарка і выкладчыца. У яе выступах і імправізацыях глядач можа заўважыць рысы самых розных жанраў, такіх як поп, рок, опера, рыторыка, відэа, танец, тэатр. Лоры верыць у моц голасу як інструмента, з дапамогай якога можна перадаць чыстую эмоцыю альбо распавесці гісторыю, выкарыстаўшы толькі талент, прагу эксперыменту і трошкі тэхнікі. Апошнім часам выканаўца актыўна карыстаецца электроннымі прыладамі, якія змяняюць гучанне голасу. З канцэртамі і лекцыямі Лоры пабывала ў пяці краінах. Не аднойчы яна выступала на фестывалі Alternativa ў Празе, Club Echschloraque ў Берліне і шмат на якіх іншых знакавых пляцоўках. У Празе Лоры выкладала ў Англа-Амерыканскім універсітэце і ў Карлавым універсітэце, а таксама праводзіла аўтарскі варкшоп "Listen to the Silence". Яна выступала на самых розных сцэнах, пачынаючы з пабаў і невялікіх клубаў і заканчваючы велічнымі саборамі і канцэртнымі заламі, а таксама стварала музыку для фільмаў, танцавальных выступаў і мультымедыйных шоу.