Бойфрэнд Марыі кудысьці знік пасля нервовага зрыву. Дзяўчына пускаецца на пошукі: хаатычна носіцца па вуліцах Вільні, увесь час правярае сацыяльныя сеткі хлопца і натэлефаноўвае яго сябрам. Чым даўжэй працягваецца беганіна галоўнай гераіні, тым больш яна сама з'язджае з глузду, а грань паміж каханнем і самаахвяраваннем амаль цалкам размываецца: жаданне Марыі выратаваць чалавека, які, здаецца, не мае патрэбы ў выратаванні, настолькі непахіснае, што яна не спыніцца ні перад чым. У сваім насычаным фільме, які збівае з ног, рэжысёр Андрус Блажэвічус пераносіць гісторыю нездаровых стасункаў двух людзей на цэлую нацыю — амаль заходзячы на тэрыторыю магічнага рэалізму. За галоўную ролю ў «Бягусе» літоўская акторка Жыгімантэ Якштайтэ атрымала прэмію European Shooting Star 2021.