Слухаць i чуць
  • Черный значок YouTube
  • Черный Instagram Иконка
  • Black Vkontakte Иконка
  • Черный Facebook Иконка

СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ. МАНІФЕСТ

19/2/2020

 

З нагоды слогану 6-га фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” –   СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ.

 

Вы думалі калі-небудзь, як часта мы слухаем, але не чуем? Мы настолькі апантаныя ўласнымі страхамі, болем, моцнымі перакананнямі/меркаваннямі, што проста не можам пачуць, што адчувае іншы чалавек, жывёла, дрэва...

 

Нават калі гэты нехта крычыць – мы ўпарта не чуем. Часцей за ўсё, з-за ўласнага эга. Мы не чуем, калі некаму патрэбныя спачуванне і дапамога; калі нашай планеце патрэбная дапамога; калі жанчынам, якія пакутуюць ад фізічнага, сэксуальнага, псіхалагічнага гвалту, – патрэбная дапамога; мы не чуем чалавека ў дэпрэсіі і палохаемся таго, хто на мяжы самагубства... 

 

Як часта вы сапраўды чуеце тое, што слухаеце? Чуць – гэта даволі рэдкая здольнасць, бо ў мітусні хуткаплыннага сучаснага жыцця на тое, каб сапраўды пачуць, не застаецца ні часу, ні энергіі, ні рэсурсаў. Можа быць, таму бывае цяжка адшукаць эмпатыю і спачуванне, калі чалавек не чуе сябе, блізкіх, наваколле, прыроду – паспачуваць і дапамагчы становіцца невыканальнай місіяй. Але менавіта слухаць і чуць – тое, што нас уратуе. Бо, па кім бы ні звінеў звон, ён звініць па кожным з нас, мы ўсё – адно. 

 

Праўда, часам, калі мы нарэшце чуем, то асуджаем, бяжым, хаваемся?  

 

Гэта ўсё немудрагелістыя механізмы псіхалагічнай самаабароны, механізмы выжывання чалавечай псіхікі. Прабрацца праз іх часам даволі складана. А ў некаторых выпадках – немагчыма. Наша эга заўжды будзе змагацца ў абарону нас саміх, а іншыя няхай спраўляюцца самі. Адсюль абыякавасць, “мая хата з краю”, адсутнасць эмпатыі, вікцімблэймінг, адсюль – вайна ў Сірыі нас не тычыцца, пажары ў Аўстраліі падаюцца страшнай казкай, а Грэта Тунберг – няўмелым дзіцём, якое варта толькі высмеяць. Адсюль, калі актывісты заклікаюць “зрабіць нешта”, таму што планета гіне, – мы адчуваем нейкую няёмкасць і раздражненне. Што мы, уласна, можам зрабіць? Адказ: хаця бы нешта добрае з таго, што знаходзіцца ў зоне нашага ўплыву. Гэта напраўду ўжо даволі шмат.   

 

Яшчэ цяжэй, калі цябе нарэшце пачулі, – пачуць у адказ і адкрыць сэрца, а не атрымліваць асалоду ад абвінавачванняў. Часам цяжка праявіць гэтыя самыя эмпатыю і клопат, пра якія ў ХХІ стагоддзі, даволі нарцысічным часе, столькі размоваў і якіх так не хапае. Мы ўсе ўзаемазвязаныя, звон звініць па ўсіх нас, і ніхто ніколі ў поўнай меры не ведае, чым жыве іншая душа – таму кожны дзень так важна праяўляць дабрыню, клопат, разуменне і падтрымку да блізкіх людзей, сяброў, калег, проста незнаёмцаў, наваколля, жывёлаў. 

 

Гвалт спараджае гвалт. Энергія дабрыні і не-гвалтоўных паводзінаў спараджае дабрыню і любоў, часам для гэтага дастаткова толькі пасміхнуцца, часам – не ўзяць пластыкавы пакунак у краме, часам адказаць даверам на давер, а часам проста адкрыць сэрца. Важна не толькі слухаць, але і чуць – прапускаць праз сэрца, праяўляць разуменне, не баяцца паказаць любоў, думаючы, што гэта праява слабасці. 

 

Чалавек – істота разумная і свядомая. У нас ва ўсіх ёсць выбар, хаця многім з нас на пост-савецкай прасторы вядомы іншы падыход ў мысленні. Мы ўсе маем выбар, мы можам выбраць: пачуць і адкрыць сэрца, дапамагчы іншаму, прысвяціць час, дазволіць атрымаць дапамогу. 

 

СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ – гэта яшчэ і пра сябе, пра тое, што абавязкова трэба слухаць сябе і адпусціць страх быць сабой. Самавыказвацца, чуць сябе – гэта значыць любіць сябе і прымаць. З гэтага і толькі з гэтага пачынаецца здольнасць да таго, каб чуць іншых. Чалавек – істота складаная. Таму часам любіць і паважаць людзей бывае даволі няпроста. Мы вучымся рабіць гэта кожны дзень праз спачуванне, дараванне, клопат. Мы вучымся слухаць і чуць адно аднаго, чуць прыроду

 

Што мы чуем? 

 

Калі я была маленькай, мама аднойчы спытала ў мяне, кім я хачу стаць, калі вырасту. Я адказала, што хачу стаць міратворцам. Я ўяўляла, як з экранаў тэлевізараў буду расказваць усім людзям на зямлі, як важна любіць адно аднаго і не ваяваць. У прынцыпе ўсё, што я раблю – пра гэта. Пра тое, каб адчуваць тонка і праяўляць сардэчнасць, эмпатыю. Я маю, можа быць, нейкае напаўдзіцячае наіўнае перакананне, што гэта ключавыя якасці, калі людзі раўняюцца на гэта, то ніякія войны, непавага да слабейшага, гвалт, знявага наваколля – немагчымыя.

 

“Паўночнае ззянне” сёлета як міратворац. Прапаноўвае “спыніць агонь”, спыніцца хаця бы на фестывальны тыдзень, улучыць троху часу, абвастрыць увагу і паслухаць. Пра правы жанчын і кампаніі супраць хатняга гвалту, пра жудасныя наступствы псіхалагічнага, эмацыйнага, сэксуальнага, фізічнага і фінансавага гвалту, пра экалагічную катастрофу і змену клімату, пра знікненне цэлых экасістэм, пра рэкордныя выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу, пра менталітэт пераспажывання і перавытворчасці, пра патрыярхат. І, усё ж такі, нягледзячы ні на што, пра любоў і прыгажосць. 

 

Паслухайце пра гэта, паспрабуйце пачуць, выйдзіце з зоны камфорту, калаўроту стрэсу і цэйтноту і проста паслухайце, адчуйце, пачуйце. У свеце столькі дабрыні і любові, колькі мы можам сабе ўявіць. І ў нас заўжды ёсць выбар, што думаць і як адчуваць. 

 

 

Заснавальніца і дырэктарка 

кінафестывалю «Паўночнае ззянне» 

Воля Чайкоўская 


 

Share on Facebook
Share on Twitter
Please reload