СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ

СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ – НОВЫ СЛОГАН 6-га КІНАФЕСТЫВАЛЮ “ПАЎНОЧНАЕ ЗЗЯННЕ” І НОВАЎВЯДЗЕННІ 2020

22/2/2020

 

СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ / LISTEN AND HEAR – новы слоган 6-га фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне”, які адбудзецца сёлета з 23 па 30 красавіка ў Мінску.

 

“Паўночнае ззянне” запускае працу над візуалам кінафестывалю. Здымкі пройдуць у перыяд з 20 па 28 лютага ў Мінску. Увесь прадакшн каманда “Ззяння” традыцыйна робіць самастойна. У здымках прымуць удзел: актывістка ініцыятыўнай групы “Маршируй, детка” Святлана Гатальская, крэатыўны дырэктар і пісьменніца Вера Філенка, яе дачка і маці, а таксама іншыя героі. Сёлета праз візуальную канцэпцыю “Паўночнае ззянне” запрашае даследаваць тэмы эмпатыі, блізкасці, пераемнасці пакаленняў, разбурэння старых узораў паводзінаў.

 

Штогод “Паўночнае ззянне” аб’ядноўвае сваю праграму тэматычным слоганам. Гэта лейтматыў і мэсадж фестывалю да сваіх гледачоў і ўсіх жыхароў планеты. СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ – менавіта так гучыць слоган “Паўночнага ззяння-2020”, паколькі сёлета мы заклікаем вас прыслухацца. 

 

Каля 20 фільмаў асноўнай праграмы 6-га “Паўночнага ззяння” раскрыюць розныя няпростыя тэмы, пра якія мы часам нават не хочам чуць. А каманда фестывалю са свайго боку заклікае вас практыкавацца ў эмпатыі і клапаціцца пра сябе, і блізкіх, і наваколле. Мы хочам сфакусавацца на тым, што важна не толькі слухаць, але і чуць; што эмпатыя – гэта не пра слабасць, гэта – пра ўзаемную павагу і дапамогу.

 

Як часта вы сапраўды чуеце тое, што слухаеце? Чуць – гэта даволі рэдкая здольнасць, бо ў мітусні сучаснага жыцця не застаецца ні часу, ні энергіі, ні рэсурсаў, каб пачуць самае важнае. Таму і цяжка знайсці эмпатыю і спачуванне, калі чалавек не чуе сябе, блізкіх, наваколле, а паспачуваць і дапамагчы – становіцца невыканальнай місіяй. Але менавіта слухаць і чуць – тое, што нас уратуе. 

  

Воля Чайкоўская, заснавальніца і дырэктарка кінафестывалю “Паўночнае ззянне”, распавядае:

 

“Паўночнае ззянне” прапаноўвае сёлета спыніцца хаця бы на фестывальны тыдзень і ўлучыць троху часу, каб абвастрыць увагу і паслухаць. Пра правы жанчын, кампаніі супраць хатняга гвалту і яго жудасныя наступствы; пра экалагічныя катастрофы і змену клімату; пра менталітэт пераспажывання і перавытворчасці. 

 

Калі я была маленькай, мама аднойчы спытала ў мяне, кім я хачу стаць, калі вырасту. Я адказала, што хачу стаць міратворцам. У прынцыпе ўсё, што я раблю, таксама і ў межах “Паўночнага ззяння”, у тым ці іншым сэнсе пра тое, каб адчуваць тонка і праяўляць сардэчнасць. Я маю, можа быць, даволі наіўнае перакананне, што гэта ключавыя якасці, і калі людзі раўняюцца на гэта, то ніякія войны, непавага да слабейшага, гвалт, знявага наваколля – немагчымыя. Паслухайце пра гэта, паспрабуйце пачуць, выйдзіце з зоны камфорту. У нас заўжды ёсць выбар, што думаць і як жыць”. 

 

Поўную версію маніфеста “Слухаць і чуць” кінафестывалю “Паўночнае ззянне” 2020 можна прачытаць на сайце.  

 

Традыцыйна ў межах кінафестывалю будуць паказаныя гульнявыя і дакументальныя поўнаметражныя (і ўпершыню кароткаметражныя) фільмы са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Акрамя гэтага, “Паўночнае ззянне” прывязе ў Беларусь каля 20 замежных гасцей і заплануе больш за 15 індустрыйных мерапрыемстваў. 

 

Таксама парадуем вас 1 рэтраспектывай фінскай рэжысёркі – гэта традыцыя распачалася летась з рэтраспектывы латвійскай дакументалісткі Лайлы Пакальніня. Яшчэ “Паўночнае ззянне” сёлета пашырыць беларускую праграму. Падрабязнасці і цікавосткі праграмы 2020 будуць абвешчаныя ў сакавіку. 

 

Упершыню “Паўночнае ззянне” правядзе глядацкае галасаванне – усе наведвальнікі кінафестывалю пасля прагледжанага фільма змогуць паставіць адзнаку. А стужка, якая набярэ найбольшую колькасць галасоў, атрымае прыз глядацкіх сімпатый ад каманды фестывалю. 

 

Галоўныя пляцоўкі кінафестывалю “Паўночнае ззянне”: кінатэатр “Мір”, а таксама Silver Screen сinemas. 

 

Індустрыйныя мерапрыемствы кінафестывалю пройдуць у галерэі “Арт-Беларусь”, кавярні “Зерне”, Акадэміі мастацтваў, арт-прасторы “Корпус” і на іншых пляцоўках. 

Пры падтрымцы: Nordisk KulturFond (Данія), Nordic Council of Ministers (Данія) 

 

Суарганізатары: Пасольства Каралеўства Швецыя ў Беларусі, Пасольства Нарвегіі ў Кіеве, Дацкі Інстытут культуры ў Літве, Латві і Эстоніі, тэлеканал «Настоящее время», УП Кінавідэапракат Мінгарвыканкама - «КиноМинска», кінакампанія Volia Films. 

 

Генеральныя партнёры: Офіс Пасольства Фінляндыі ў Беларусі, Пасольства Эстоніі ў Беларусі, Пасольства Літвы ў Беларусі, Пасольства Латвіі ў Беларусі, Ісландскі цэнтр кіно, Фінскі фонд кіно, Эстонскі інстытут кіно, Нарвежскі інстытут кіно, Шведскі інстытут кіно, Дацкі інстытут кіно, Літоўскі цэнтр кіно, Нацыянальны кінацэнтр Латвіі, B2BDOC - Baltic to Black Sea Documentary Network. 

 

Партнёры: гатэль Double Tree by Hilton Minsk, афіцыйны дыстрыбутар Mazda у Беларусі, служба таксі «Пятніца», арт-суполка «Sinie Gory», рэнтал-хаўз FirstRental, Ў галерэя, кавярня «Зерно», DataHata.by, Blockbuster.by, Jihlava International Documentary Film Festival. 

 

Share on Facebook
Share on Twitter
Please reload

  • Черный значок YouTube
  • Черный Instagram Иконка
  • Black Vkontakte Иконка
  • Черный Facebook Иконка