Улетку 1999 года людзі па ўсім свеце выйшлі на вуліцу, каб паназіраць за поўным сонечным зацьменнем, але ў ахопленай агнём Югаславіі ўсе, наадварот, зачыніліся ў сваіх дамах і шчыльна зашторылі вокны. Сербская рэжысёрка Наташа Урбан, якая жыве ў Нарвегіі, выкарыстоўвае астранамічную з'яву як метафару вайны і адначасова здольнасці чалавека забываць нязручную праўду пра яе. Узброіўшыся ручнымі плёначнымі камерамі, кінематаграфістка вяртаецца ў родны аўтаномны край Ваяводзіна ды ілюструе абстрактным відэашэрагам успаміны сваякоў пра страшныя падзеі 30-гадовай даўніны, ролю Сербіі ў якіх многія спрабуюць не згадваць. Калі Урбан пытаецца пра вайну ў сваёй бабулі, тая проста адказвае: «Якая вайна?» За аснову фільма Наташа таксама бярэ «альпінісцкі дзённік» свайго бацькі, які ў 90-х пачаў пешы паход па гарах краіны, быццам спрабуючы захоўваць нармальнае жыццё ў пекле, якое разгортвалася вакол.