Дакументальная праграма «Паўночнага ззяння-2020» калі не адкажа на надзённыя пытанні, то хаця б зможа натхніць гледачоў кінафестывалю на далейшыя смелыя рухі. Менавіта пра гэта дзве яскравыя стужкі.
Фільм «Феміністарка» зняты шведскім рэжысёрам і прадзюсарам Вiктарам Нордэншэльдам, ментарам B2B DOC, які, дарэчы, бываў у Мінску. У стужцы распавядаецца пра былую міністарку замежных спраў Швецыі - Маргот Вальстрэм, якая атрымала папулярнасць за феміністычную павестку і гуманістычны погляд на жыццё.
У стужцы «Брусэль» цікава раскрываецца ўнутраная кухня працы Еўрасаюзу. Чаму Брусэль такое важнае месца? Якімі законамі там кіруюцца і як выглядаюць адносіны паміж усімі ўдзельнікамі працэсу? Прадзюсар стужкі Гінц Грубе, адзін з самых буйных і паспяховых латвійскіх прадзюсараў, калісьці працаваў над фільмам «Хронікі Мэлані», што быў у праграме фестывалю ў 2018 годзе.
Працягвае тэму чалавека як моцнай асобы вельмі асаблівая дацкая стужка — «Фатограф і вайна». Гэта псіхалагічны партрэт фатографа Яна Грарупа, які дакументаваў жудасці вайны ў Косава на працягу 25 год, але якому нечакана давялося сутыкнуцца з новай барацьбой унутры сябе. Здымкі Яна перамагалі на конкурсе World Press Photo, а таксама на UNICEF Children photo of the year і на шматлікіх іншых буйных фатаграфічных конкурсах.
Літоўскі фільм Аўдруса Міцкевічуса і Нэрыюса Мілерыуса «Узорныя паводзіны» ўздымае актуальныя тэмы для постсавецкага грамадства пра пачуццё калектыўнай віны і даследуе парадокс узорных паводзін забойцаў. Стужка атрымала спецыяльную прэмію the Golden Dove на міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Лейпцыгу.
Дакументальна-гульнявая стужка «Сезон» (Швецыя) прадзюсара Эрыка Хэмендорфа, які таксама прадзюсуе фільмы вядомага беларускаму гледачу рэжысёра Рубэна Эстлунда, атрымала спецыяльную ўзнагароду на CPH: DOX Award. Фільм заснаваны на гісторыях людзей, што жывуць у адным раёне, які становіцца кульмінацыяй і галоўным персанажам фільма. Адны з галоўных роляў выконваюць знакамітыя польскія актрысы Агнешка Падсядлік і Малгажата Шумоўская. Акрамя таго, у стужцы можна назіраць выдатную аператарскую працу — Іты Зборнец-Зайт — уладальніцы прэміі імя Свэна Нюквіста на Göteborg Film Festival.
Сусветная прэм’ера эстонскай стужкі «Свята» пра феномен конкурсаў прыгажосці адбылася на кінафестывалі «Белыя ночы» ў Таліне, а фільм гэтага ж рэжысёра «Мурашнік» ужо ўдзельнічаў у мінулым «Паўночным ззянні». «Свята» падымае такія пытанні, як ці можа прыгажосць быць прадметам спаборніцтва і як зразумець феномен конкурсаў прыгажосці сёння. Дарэчы, фільм скопрадзюсаваны дырэктаркай кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Воляй Чайкоўскай.
Апошнія дзве стужкі з дакументальнай праграмы — сямейны фільм «Арктычныя верблюды» і назіральны «Апошняя восень» — гэта кіно пра дыялог паміж чалавекам і жывёламі, чалавекам і прыродай.
«Арктычныя верблюды» — цудоўная сямейная кінакарціна пра тое, як нарвежская сям’я адправілася ў падарожжа па Манголіі, каб знайсці прафесійнага дрэсіроўшчыка для іх вярблюдаў.
«Апошняя восень» — дакументальны ісландскі фільм ад жанчыны-рэжысёркі Ірсы Рока Фаннберг. У стужцы закранаецца важная і для Беларусі тэма паміраючых вёсак і апошніх жыхароў такіх забытых усімі мясцін. Сусветная прэм’ера стужкі адбылася на кінафестывалі ў Карлавых Варах.
Глядзіце расклад дакументальнай праграмы «Паўночнага ззяння-2020» на нашым сайце. Адмыслова для аматараў дакументальнага кіно мы зрабілі асобны пакет стужак, які можна набыць тут.
Пры падтрымцы: Nordisk KulturFond (Данія), Nordic Council of Ministers (Данія)
Арганізатары: кінакампанія Volia Films, Індывідуальны Прадпрымальнік Чайкоўская В.М.
Суарганізатары: Амбасада Каралеўства Швецыя ў Беларусі, Амбасада Нарвегіі ў Кіеве, Дацкі Інстытут культуры ў Літве, Латві і Эстоніі, тэлеканал «Настоящее время», mediatech. by
Генеральныя партнёры: Офіс Амбасады Фінляндыі ў Беларусі, Амбасада Эстоніі ў Беларусі, Пасольства Літвы ў Беларусі, Амбасада Латвіі ў Беларусі, Ісландскі цэнтр кіно, Фінскі фонд кіно, Эстонскі інстытут кіно, Нарвежскі інстытут кіно, Шведскі інстытут кіно, Дацкі інстытут кіно, Літоўскі цэнтр кіно, Нацыянальны кінацэнтр Латвіі, B2BDOC — Baltic to Black Sea Documentary Network.
Партнёры: арт-суполка «Sinie Gory», рэнтал-хаўз FirstRental, DataHata. by, Майстэрня сацыяльнага кіно, Eclab. by, Eclab. by — European College of Liberal Arts in Belarus.
Інфармацыйныя партнёры: BYCARD, CityDog, 34mag.net, AfishaTUT. by, TheVillage, Kyky.org