МЫ НЕ ЗГАСНЕМ

Пяцёра ўкраінскіх падлеткаў, якія захраслі ў зоне баявых дзеянняў на Данбасе, мараць пра свабоду і даследаванне вялікага свету. Аднойчы яны атрымліваюць унікальную магчымасць пакарыць Гімалаі...

Фільм «Мы не згаснем» паказвае жыццё пяцярых украінскіх падлеткаў у невялікім горадзе вуглездабывальнага рэгіёна. Як і тынэйджары дзе заўгодна ў свеце, яны раздаюць свае «400 удараў», змагаюцца з нудотай і шматлікімі расчараваннямі на шляху спазнання сябе і жыцця.
Але яны жывуць на Данбасе, дзе ўжо колькі гадоў ідзе вайна. Эканоміка рэгіёна спустошаная, на фоне (а калі-нікалі і зусім побач) працягваюцца баі. Падлеткі прадзіраюцца праз безнадзейнасць і хаос, дзякуючы маляванню, фатаграфіі, музыцы і больш за ўсё — дзякуючы сяброўству. Яны бунтуюць і выпраўляюцца ў падарожжа па мінных палях, вугальных ямах, яны гуляюць у разбураных дамах, спрабуючы схапіць апошнія залатыя промні свайго дзяцінства.
І вось, марачы аб уцёках, падлеткі атрымліваюць нечаканае запрашэнне. Ці не хочуць яны адправіцца ў Непал, даследаваць перадгор'е Гімалаяў? Такая прапанова славутага ўкраінскага падарожніка. Святло загараецца ў цемры. Каб спраўдзіць гэту недасягальную мару, падлеткі старанна трэніруюцца, запісваючы свае намаганні ў відэадзённік. Тым часам з пагаршэннем сітуацыі на радзіме пагроза поўнамаштабнага расійскага ўварвання робіцца ўсё больш рэальнай. Ці будзе шанс на выжыванне ў падлеткавых надзей і мар?

Мова арыгіналу: руская, украінская
Субцітры: беларускія | англійскія