Браты Андэрсан

Кранальная дакументальная сямейная драма пра чатырох упартых братоў — гісторыя пра спадчыну, мары і пра тое, як цяжка бывае аднавіць перарваную сувязь

Любому сінефілу знаёма імя шведскага рэжысёра Роя Андэрсана, уладальніка «Залатога льва» Венецыянскага кінафестывалю за фільм «Голуб сядзеў на галінцы, разважаючы пра жыццё». Яго малодшага брата, Чэла-Оке Андэрсана, успомняць хіба што хардкорныя знаўцы скандынаўскіх серыялаў. Пра яшчэ двух малодшых братоў не ведае нават «Вікіпедыя»: Лейф жыве на пенсію па інваліднасці, а Роні быў бяздомным і памёр ад перадазіроўкі наркотыкамі ў 2012 годзе. На яго пахаванні трое жывых братоў Андэрсан бачыліся апошні раз — мужчыны настолькі ўпартыя, што да гэтага часу адмаўляюцца нават слова адзін аднаму сказаць. Дачка Лейфа, рэжысёрка-дэбютантка Юхана Бернхардсан, вырашае зняць дакументальны фільм пра свайго бацьку і дзядзькаў — з надзеяй аб’яднаць братоў хаця б дзеля адной сустрэчы па шчаслівым выпадку. Беручы інтэрв'ю ў Роя, Чэла і Лейфа і чаргуючы іх з архіўнымі кадрамі з Роні, яна стварае далікатны, кранальны і натхняльны партрэт сям'і, члены якой пайшлі зусім рознымі шляхамі, нягледзячы на агульнае мінулае. І не апошнюю ролю ў іх раз'яднанні сыграў алкаголь.

Мова арыгіналу: шведская
Субцітры: беларускія, англійскія