Песні Зямлі

Захапляльнае падарожжа па несмяротных цудах прыроды, спрадзюсаванае Вімам Вендэрсам і Ліў Ульман, музай Бергмана

Дакументальная паэма, вылучаная Нарвегіяй на «Оскар»-2024, з'яўляецца і эпічным візуальным досведам, і далікатным разважаннем аб нашых адносінах з прыродай, сувязях паміж бацькамі і дзецьмі ды прыгажосці жыцця. З першага ж кадра са старым мужчынам, які ідзе адзін праз некрануты снежны покрыў нарвежскай даліны, мы адчуваем, што Маргрэт Олін запрашае нас у неверагоднае падарожжа. Гэты мужчына — 84-гадовы Ёрген, бацька рэжысёркі, які ўсё сваё жыццё вывучаў дзікую прыроду Нарвегіі і часта браў дачку ў паходы. «Песні Зямлі» — самае доўгае з гэтых падарожжаў: энергічны вандроўнік, які з двума кійкамі ў руках даследуе горную мясцовасць вакол роднага горада, запрашае нас далучыцца да яго на працягу ўсіх чатырох сезонаў. Разам з Ёргенам мы прагуляемся сярод ледавікоў, вадаспадаў і ф'ёрдаў — у аснову фільма таксама ўвойдуць яго аповеды пра 55-гадовы шлюб з жонкай Магнхільд, іх агульныя радасці жыцця і філасофскае чаканне смерці.

Мова арыгіналу: нарвежская
Субцітры: беларускія, англійскія