Апісанне
24 лістапада ў межах «Паўночнага ззяння» адбыўся ўнікальны івэнт. Разам з камандай кінафестывалю беларускія фільммейкеры, якія бралі ўдзел у «Хуткіх спатканнях» і цікавяцца гукарэжысурай, завіталі ў студыю да знакамітага майстра Уладзіміра Галаўніцкага. Ён жыве ў маляўнічым доме з відам на бярозавы гай непадалёк ад Вільнюса. Тут жа размяшчаецца і майстэрня, у якой ён працаваў над гукам да такіх фільмаў, як «Дзяржаўнае пахаванне», «Шчасце маё» Сяргея Лазніцы, «У прыцемках» Шарунаса Бартаса, «Краіна Оз», «Жыць» Васілія Сігарава, «Як я правёў гэтым летам» Аляксея Папагрэбскага ды шматлікіх іншых. Гаспадар падзяліўся з гасцямі гісторыяй станаўлення ў прафесіі, распавёў пра свае інструменты і бібліятэку, у якой захоўваюцца тысячы гукаў, якія ён запісваў гадамі, а таксама даў магчымасць пагрузіцца ў творчы працэс. Для гэтага ён уключыў урывак з новага фільма Сяргея Лазніцы «Натуральная гісторыя разбурэння» — спачатку без гуку, а пасля яшчэ раз у сваім агучванні. На экране былі архіўныя кадры бамбардзіровак Германіі сіламі саюзнікаў, і слухачы маглі адчуць, што менавіта і з дапамогай якіх сродкаў рабіў майстар, каб узмацніць уражанне і перайсці ад аглушальнай цішыні да драматычнай паліфаніі. За тры гадзіны шчырай гутаркі ўдзельнікі атрымалі ўнікальныя ўводзіны ў прафесію гукарэжысёра і, безумоўна, адчулі, чаму гэта сапраўднае мастацтва.
Удзельнікі
Уладзімір Галаўніцкі, гукарэжысёр (Беларусь)
На працягу сарака гадоў прафесійнай дзейнасці стварыў гук для больш як 200 фільмаў. Многія з іх былі прадстаўлены на міжнародных кінафестывалях, у тым ліку ў Канах, Венецыі, Берліне. Нарадзіўся ў Беларусі. Скончыў ЛІКІ (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны інстытут кіно і тэлебачання). З 1978 па 1992 год працаваў на кінастудыі Беларусьфільм. У 1996 годзе заснаваў гукавую студыю «Гутара Пост Про», якая цяпер размяшчаецца ў Літве. Цесна супрацоўнічае з Шарунасам Бартасам з 1994 года і Сяргеем Лазніцам з 2003 года.