Апісанне
Мінуў год з леташняй супольнай дыскусіі «Паўночнага ззяння» і PÖFF пра беларускую незалежную кінаіндустрыю. Нягледзячы на тое, што беларускія фільммейкеры засяроджваюцца на пераадоленні пачуцця беспрытульнасці і траўмы, выкліканай палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі і вайной ва Украіне, яны застаюцца ўстойлівымі і прадуктыўнымі. Яны актыўна шукалі рашэнні, як выжыць у новых абставінах, даследуючы розны досвед еўрапейскай і сусветнай кінаіндустрыі, каб прыдумаць нешта інавацыйнае і даўгавечнае. Падчас гэтай панэлі беларускія фільммейкеры, прадстаўнікі кінафестываляў, сузаснавальнікі Беларускай незалежнай кінаакадэміі ды іншыя прафесіяналы кіно раскажуць пра тое, як быць пачутымі і ўбачанымі ў эміграцыі, што кампанія людзей можа зрабіць для цэлай індустрыі і які існуе здаровы шлях інтэграцыі для беларускіх кінематаграфістаў, каб захаваць сваю ідэнтычнасць, але быць адкрытымі і заўважнымі ў свеце. Арганізатары PÖFF і кінафестываль «Паўночнае ззянне». Мадэратар: Давідэ Абатэшані, Cineuropa
Мова iвента: англійская
Удзельнікі
Аляксандр Міхалковіч, кінарэжысёр
Аляксандр Міхалковіч — беларуска-ўкраінскі кінарэжысёр і прадзюсар. Скончыў дактарантуру па бібліятэказнаўстве і магістратуру па кінарэжысуры міжнароднай адукацыйнай праграмы DocNomads. Аддае перавагу доўгатэрміновым праектам, з якімі ўтварае моцную асабістую сувязь. Прадзюсуе эксперыментальныя і крэатыўныя дакументальныя фільмы з эстэтычнай кінематаграфіяй і ясным рэжысёрскім бачаннем. Выпусціўшы некалькі кароткаметражных дакументальных і эксперыментальных фільмаў, Аляксандр дэбютаваў у поўным метры са стужкай «Мая бабуля з Марса». Фільм меў паспяховы пракат ва Украіне і быў адабраны на шматлікія міжнародныя кінафестывалі, сярод якіх Мюнхенскі фестываль дакументальнага кіно DOK.fest 2019, Белградскі BelDocs 2019, Міжнародны кінафестываль у Сараеве 2018 (на якім узяў узнагароду DocuTalents Award), Міжнародны фестываль дакументальнага кіно ў Йіглаве 2018, кінафестываль Eastern Neighbours 2019 (фільм адкрыцця) ды іншыя.
Мара Тамковіч, кінарэжысёрка
Мара Тамковіч нарадзілася ў Мінску. Вывучала журналістыку ў Варшаўскім універсітэце, кінарэжысуру — у Варшаўскай кінаакадэміі, скончыла адукацыйную праграму Studio Prób ад Школы Вайды. Атрымала стыпендыю Кіётска-кракаўскага фонду Анджэя Вайды і Крыстыны Захватовіч-Вайды, лаўрэатка прэміі She’s Mercedes. Фільм Мары «Дачка» атрымаў шырокае прызнанне і мноства ўзнагарод такіх фестываляў, як Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», Партугальскі кінафестываль FEST, 18-ы Міжнародны фестываль дакументальнага кіно One Shot у Арменіі і Аўстрыйскі міжнародны кінафестываль у Лінцы. Яе новы кароткаметражны фільм “У жывым эфіры” ўзяў спецыяльную ўзнагароду Польскага міжнароднага кінафестывалю ў Гдыні і прэмію «Х'юга» на 58-м Чыкагскім міжнародным кінафестывалі.
Воля Чайкоўская, прадзюсарка, кінарэжысёрка, заснавальніца кінафестывалю «Паўночнае ззянне»
Воля Чайкоўская — беларуская прадзюсарка і рэжысёрка, цяпер жыве ў Эстоніі і працуе з кінакампаніяй Allfilm Production. Атрымала дыплом магістра па спецыяльнасці “рэжысура і прадзюсаванне дакументальнага кіно” Балтыйскага ўніверсітэта кіно і медыя ў Таліне. Заснавальніца Незалежнага беларускага кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра VODBLISK, сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі.
Юлія Самайлоўскіх, каардынатарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-платформы VODBLISK
Юлія Самайлоўскіх — фестывальная менеджарка і дыстрыб'ютарка. Пачынала асістэнткай праграмнага дырэктара Мінскага кінафестывалю «Лістапад» у 2017 годзе, пасля працавала дыстрыб'ютаркай фільмаў у «АРТ Карпарэйшн». Цяпер Юлія жыве ў Варшаве, з 2022 года працуе каардынатаркай кінафестывалю «Паўночнае ззянне». У тым жа годзе яна заняла пазіцыю delivery-менеджаркі на кінафестывалі Female Freedom. Таксама Юлія з’яўляецца каардынатаркай анлайн-кінатэатра незалежнага беларускага кіно VODBLISK і менеджаркай Беларускай незалежнай кінаакадэміі.
Ігар Сукманаў, праграмны дырэктар, кансультант
Ігар Сукманаў — вядомы беларускі кіназнаўца і журналіст. Сябра Еўрапейскай кінаакадэміі і прэзідэнт беларускай секцыі Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў (FIPRESCI). Таксама ён сталы аўтар часопіса «Искусство кино» — найстарэйшага ў Еўропе выдання, якое спецыялізуецца на кіназнаўстве. Адзінаццаць гадоў (2010–2020) Ігар быў праграмным дырэктарам Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», які ў 2020 годзе быў скасаваны беларускімі ўладамі. Пад яго кіраўніцтвам «Лістапад» прадстаўляў кінематограф былога СССР або краін з агульным камуністычным мінулым з Усходняй Еўропы, Кубы і Азіі, у тым ліку Кітая, і г. д. З 2021 года Сукманаў з'яўляецца ўдзельнікам праграмна-кансультатыўнай рады Адэскага міжнароднага кінафестывалю. Летась ён далучыўся да каманды Варшаўскага кінафестывалю ў якасці праграмнага дырэктара, а таксама ўваходзіць у адборачную камісію Варшаўскага кінафестывалю і фестывалю GoEast у Вісбадэне.
Давідэ Абатэшані, кінакрытык і журналіст партала Сineuropa
Давідэ Абатэшані — журналіст і кінакрытык, жыве ў Рыме. Вывучаў кіно, тэатр і журналістыку ў Італіі, Эстоніі ды Ірландыі. У 2017 годзе пачаў кар'еру як рэпарцёр брусельскага партала Cineuropa, асвятляў буйныя кінафестывалі і маркеты і рэцэнзаваў новыя стужкі. Тэксты Давідэ публікаваліся ў такіх выданнях, як Variety, The New Arab, New Scientist, The National, Business Doc Europe і Reader's Digest. Сябра Міжнароднай асацыяцыі кінакрытыкаў FIPRESCI, Федэрацыі кінакрытыкаў Еўропы і Міжземнамор'я FEDEORA, Міжнароднага таварыства сінефілаў ICS і Еўрапейскай кінаакадэміі.