Апісанне
Рэжысёрка Марыя Каўтарадзэ здымае кіно пра незвычайных складаных герояў і праблемы, пра якія не прынята гаварыць адкрыта. Фільм «Ты мне нічога не нагадваеш» пра сапраўдную блізкасць і яе немагчымасць зняты на зярністую стужку і паказвае герояў буйным планам,з малой дыстанцыі. Сёлета Літва вылучыла фільм Марыі на «Оскар», і цяпер рэжысёрка ездзіць з паказамі па ЗША, таму гледачоў у віленскай Скальвіі яна прывітае з экрана. А прадставяць стужку публіцы выканаўцы галоўных роляў, акторы Грэта Грыневічутэ і Кястуціс Ціцэнас. Мадэраваць размову будзе прафесарка дэпартамента сацыяльных навук ЕГУ Альміра Усманава.
Мова iвента: англійская з паслядоўным перакладам на беларускую
Удзельнікі
Грэта Грыневічутэ, акторка, харэографка і танцорка (Літва)
Грэта Грыневічутэ — літоўская акторка, харэографка і танцорка. Нарадзілася 18 верасня 1990 года. Яна мае ступень бакалаўра ў галіне сучаснага танца і драмы і атрымала ступень магістаркі мастацтваў у Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра. З 2015 года ўдзельнічала ў шматлікіх кіна- і тэатральных праектах. У 2016 годзе выступіла харэографкай і рэжысёркай спектакля «B&B Dialog», які быў высока ацэнены крытыкамі. У 2017 годзе Грыневічутэ стала сузаснавальніцай незалежнай танцавальнай кампаніі B&B. У 2023 годзе яна сыграла галоўную ролю ў фільме «Ты мне нічога не нагадваеш» рэжысёркі Марыі Каўтарадзэ. Прэм'ера адбылася на кінафестывалі «Сандэнс», дзе фільм атрымаў узнагароду за найлепшую рэжысуру.
Кястуціс Ціцэнас, актор тэатра і кіно (Літва)
Кястуціс Ціцэнас — літоўскі актор тэатра, кіно і тэлебачання. Нарадзіўся 10 кастрычніка 1993 года. Вывучаў драматургію ў Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра. У 2020 годзе ён стаў акторам Літоўскай акадэміі драмы, за сваю тэатральную кар'еру стварыў больш за 15 персанажаў. Адначасова працаваў як актор у шматлікіх літоўскіх і міжнародных фільмах. У 2023 годзе ён сыграў ролю другога плана ў фільме «Ты мне нічога не нагадваеш».
Альміра Усманава, культуролаг, філосафка, прафесарка ЕГУ (Беларусь)
Альміра Усманава — філосафка, культуролаг, прафесарка Акадэмічнага дэпартамента сацыяльных навук і дырэктарка Лабараторыі даследаванняў візуальнай культуры і сучаснага мастацтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.