ЖЫЦЦЁ З АПАЛОНІЯЙ

Апісанне
Удзельнікі

Апісанне

Рэжысёрка Леа Глоб цягам 13 гадоў назірала за гераіняй свайго фільма, мастачкай Апалоніяй Сокал, якая спрабуе адшукаць сябе ў розных краінах, удалечыні ад дому. Мастачка родам з Беларусі, і сёння шмат якія беларускія творцы падзяляюць ейны досвед. Апалонія і Леа завітаюць на анлайн-размову да арт-куратаркі Ганны Чыстасердавай, каб распавесці, як гэта, калі мастацтва — лад жыцця, і чым даводзіцца ахвяраваць дзеля яго.

Мова iвента: англійская з паслядоўным перакладам на беларускую

Глядзіце падзею:
YouTube

Удзельнікі

Леа Глоб, кінарэжысёрка, аўтарка фільма «Апалонія, Апалонія» (Данія)

Леа Глоб нарадзілася ў 1982 годзе ў Даніі. Вывучала кіно ў Нацыянальнай кінашколе, дыпломнай працай у якой стаў кароткаметражны фільм «Сустрэча з маім бацькам Касперам Тофатам» (2011). Разам з Петрай Коста яна зняла фільм «Олма і Чайка» (2014) на грант ад CPH:DOX, які дазволіў Глоб таксама працягнуць працу над фільмам пра маладую мастачку Апалонію Сокал. Супольны падыход да кіно выявіўся і ў фільме «Венера: Пагаворым пра сэкс» (2016). «Апалонія, Апалонія» — сольны дэбют рэжысёркі, які атрымаў галоўную ўзнагароду IDFA 2022 у міжнародным конкурсе. У сваёй працы Глоб настойвае на выкарыстанні цела і камеры як сродкаў для разумення навакольнага свету, а кіно як спосабу задаваць пытанні, звязаныя з ідэнтычнасцю, гендарам і месцам у грамадстве.

Апалонія Сокал, мастачка, гераіня фільма «Апалонія, Апалонія» (Францыя)

Апалонія Сокал (нарадзілася ў 1988 годзе ў Парыжы, Францыя) — французская фігуратыўная мастачка беларускага, польскага і дацкага паходжання. Яе працы шырока выстаўляліся ў Францыі, Даніі, Бельгіі і ЗША. Яна вядомая сваім аўтабіяграфічным падыходам да жывапісу, у якім выкарыстоўвае мастацтва партрэта як інструмент для палітычных выказванняў і прыцягнення ўвагі да праблем фемінізму і квір-культуры.

Ганна Чыстасердава, арт-куратарка, галерыстка (Беларусь)

Ганна Чыстасердава, нарадзілася ў 1982 годзе, цяпер жыве ў Берліне, Германія. Сузаснавальніца дзвюх незалежных галерэй — «Падземка» і галерэя сучаснага мастацтва «Ў» у Мінску; сузаснавальніца, кіраўніца і куратарка НДА Ambasada Kultury ў Вільнюсе. З 2022 года Ганна з’яўляецца адной з ініцыятарак, сукуратаркай і менеджаркай Міжнароднай кааліцыі дзеячаў культуры, салідарных з Украінай, — інтэрнэт-платформы antiwarcoalition.art. Чыстасердава таксама менеджарка праекта PerspAktiv — праграмы арт-рэзідэнцый у Германіі і Польшчы для дзеячаў культуры Беларусі. Ганна атрымала Еўрапейскі дыплом па менеджменце культурных праектаў і культурнай палітыцы (Асацыяцыя Марсэля Хіктэра, Брусель). Сфера інтарэсаў Ганны: сучаснае мастацтва, сацыяльна ангажаванае мастацтва, міжнароднае культурнае супрацоўніцтва, культурная палітыка, культурны менеджмент і неакадэмічная адукацыя.