Іранічная дакументальная камедыя пра жыхароў вострава на краі свету
Кунашыр — адзін з астравоў Курыльскай грады. Да 1946 года там жылі японцы і айны, але аднойчы яны былі выселеныя савецкімі ўладамі на гістарычную радзіму. Зараз на востраве жывуць рыбакі і памежнікі. А пра ранейшых гаспадароў нагадваюць старыя будынкі ды японскі востраў Хакайда ў некалькіх кіламетрах. Зрэшты, на апошнім большасць з рускамоўных жыхароў Кунашыра ніколі не былі. Яны ўвогуле рэдка пакідаюць свой востраў — да астатняй Расіі дабірацца дорага і няпроста. Але астраўляне не сумуюць. Жыццё сярод мора і неверагоднай па прыгажосці прыроды Курылаў настройвае на філасофскі лад. Не нудзіцца дапамагаюць і ваенна-патрыятычныя святы, а таксама раскопкі рэшткаў былой японскай цывілізацыі. Калі ў стужцы «Гагарынлэнд» француз з беларускімі каранямі Уладзімір Казлоў мякка іранізаваў над сімваламі савецкай эпохі, што намагаюцца ўжыцца з новымі, капіталістычна-рынкавымі часамі і ўмовамі, дык у «Кунашыры» рэжысёр з усёй магчымай любоўю да сваіх герояў распавядае пра закінутасць як становішча рэчаў і вобраз мыслення. І маленькі соцыум Кунашыра тут выступае метафарай вялікага соцыуму, што некалі адарваўся ад астатняга цывілізаванага свету і разгублена шукае свае карані.
Мова арыгіналу: руская Субцітры: англійскія (аўтаматычна)