ПРЫСУТНАСЦЬ

«Ты ж будучая маці!» Дакументальны фільм пра мары, страхi і ўнутраныя крызісы жанчын падчас цяжарнасці

Пра што марыць цяжарная жанчына? Лічыцца, што, які б доўгі ні быў яе вiшлiст, на першае месца варта ставіць клопат пра дзіця і самааддана прысвячаць яму як мага больш часу. У чаканні родаў жанчыны павінны наведваць курсы для бацькоў, пераймаць чужы досвед і, вядома ж, радавацца хуткаму мацярынству. І пакуль яны гэта робяць, тэмы, не звязаныя з дзецьмі, паступова выслізгваюць з размоў з сябрамі і сям'ёй, як быццам нічога, акрамя калясак, сосак і падгузкаў, больш не мае ніякага значэння ў жыцці. Выхаду з гэтага няма. Чамусьці ад будучай мамы чакаюць, што яна яшчэ да родаў забудзе пра кар'еру, палітыку і ўласныя комплексы, але трагедыя ў тым, што матчына любоў і экзістэнцыяльны крызіс могуць папросту накрыць адначасова. У цэнтры ўвагі дакументальнага фільма «Мамы і іншыя» — чатыры латвійскія жанчыны на розных тэрмінах цяжарнасці. Амбіцыйнай танцорцы Руце прыходзіцца перапыніць кар'еру. Хатняя гаспадыня Вiя, якая чакае другога дзіцёнка, асцерагаецца паўтарэння пасляродавай дэпрэсіі. Тусоўшчыца Беата не планавала цяжарыць і мяняць жыццё, але цяпер збіраецца выйсці замуж і пераехаць у вёску, каб гадаваць там дзіця. Валерыя, маладая прадпрымальніца з траўматычным мінулым, спадзяецца выхаваць першынца ў шчаслівай сям'і, якой у яе самой ніколі не было. Усе гераіні рознага ўзросту і сацыяльнага статусу, але іх аб'ядноўвае шчымлівае пачуццё тугі сам-насам са сваімі страхамі і перажываннямі. «Прысутнасць» — кіно, якое ў лаканічнай форме раскрывае ўсю складанасць пачуццяў, якія не паддаюцца блакаванню нават самымі моцнымі мацярынскімі інстынктамі.

Мова арыгіналу: латвійская
Субцітры: беларускія | англійскія