АГУЛЬНАЯ МОВА

Шчыры аповед пра ўзаемаадносіны з самымі блізкімі людзьмі

Воля даўно з'ехала з роднага дому і не часта наведвае бацькоў. Таму размова з мамай ужывую, а не праз мэсэнджар, становіцца сапраўднай падзеяй і адкрыццём. Цяпер, калі мама і дачка могуць быць зусім побач адна з адной, прыйшоў час для вельмі важных і балючых пытанняў. Магчыма, гэтыя пытанні не самыя простыя і прыемныя, але рана ці позна на іх трэба было адшукаць адказы. Тым больш што Воля ўжо не тая маленькая дзяўчынка, якая глядзела на свет шырока расплюшчанымі вачыма, і жыццёвы досвед дазваляе ёй убачыць адносіны з бацькамі і паміж бацькамі зусім па-іншаму. Цяпер яна можа размаўляць з мамай і бацькам на роўных і паспрабаваць знайсці з імі разам тое, што, здавалася б, паспела ўжо стаць безнадзейна страчаным. Фільм "Агульная мова" зняты ў актуальным напрамку інтымнай дакументалістыкі, якая апісвае свет ад першай асобы. Аўтарка фільма, яна ж заснавальніца фестывалю "Паўночнае ззянне" Воля Чайкоўская, вырашылася на няпросты эксперымент. Падчас аднаго са сваіх прыездаў у бацькоўскі дом у Віцебск яна ўстанавіла камеру і запісала свае размовы з бацькамі. У выніку атрымалася шчырае і вельмі кранальнае прызнанне ў любові да сваіх родных. Просты і немудрагелісты фільм падкупляе сапраўднымі, непадробнымі эмоцыямі, якія рэдка сустрэнеш у дакументалістыцы апошнім часам.

Мова арыгіналу: руская
Субцітры: англійскія (аўтаматычна)