ПЕСНЯ ПАД НАЗВАЙ "НЯНАВІСЦЬ"

Дакументальны трылер пра iсландскi гурт Hatari — галоўных скандалістаў «Еўрабачання» — і палітыку ў мастацтве

У 2019 годзе палесцінскi рух BDS заклікаў артыстаў адмовіцца ад выступу на «Еўрабачанні» ў Тэль-Авіве, сцвярджаючы, што ўлады выкарыстоўваюць конкурс як інструмент падтрымкі апартэіду. У той жа час прадстаўляць Ісландыю на галоўным песенным спаборніцтве свету сабраўся эпатажны БДСМ-метал-калектыў Hatari, вядомы сваёй антыкапіталістычнай пазіцыяй і адкрытай падтрымкай Палесціны ў араба-ізраільскім канфлікце. Атрымаўшы порцыю крытыкі з абодвух бакоў, музыканты туманна намякнулі, што збіраюцца выкарыстаць сцэну «Еўрабачання» як трыбуну для нейкай заявы. Рэжысёрка Ганна Хільдур адпраўляецца разам з Hatari на Блізкі Усход, каб зафіксаваць іх падрыхтоўку да сакрэтнага перформансу. Байкатаваць або страсянуць сістэму знутры? Заставацца «па-за палітыкай» або скарыстацца ўвагай, каб данесці важны мэсэдж? Дзе мяжа паміж дарэчным выражэннем салідарнасці і пустаслоўем дзеля хайпу? Усе гэтыя пытанні рэгулярна ўзнікаюць у людзей мастацтва, асабліва напярэдадні культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў праблемным палітычным кантэксце. У сваім фільме Ганна Хільдур рэфлексуе на гэтыя тэмы, узяўшы за аснову крэда адной з гераінь, палесцінскай спявачкі Міры Авад: «Усё — палітыка». Знерваваны док «Песня пад назвай "Нянавісць"» таксама з нейкага моманту прымае аблічча сапраўднага палітычнага трылера, распавядаючы пра паездку ісландцаў у трушчобы Хеўрона, калабарацыю з мясцовым музыкам Башарам Мурадам і куплю палесцінскіх сцягоў для праносу іх на эфір «Еўрабачання» з саспенсам грандыёзнай спецаперацыі.

Мова арыгіналу: ісландская, англійская, арабская, іўрыт
Субцітры: беларускія | англійскія