Кранальны, прыгожы фільм пра нялёгкую любоў дачкі і бацькі
Бацька Марыі захварэў, калі яна была яшчэ падлеткам. Шчаслівае мінскае дзяцінства скончылася раптоўна — цяпер яе мама вымушана спраўляцца з усім сама ды яшчэ і наведваць у псіхіятрычнай клініцы хворага мужа. Тата так і не вернецца да сябе, ранейшага, сям'і прыйдзецца ўвесь час жыць з яго хваробай. А Марыя будзе зноў і зноў спрабаваць зразумець жахлівыя метамарфозы свайго бацькі, і адным з вынікаў балючага працэсу стане фільм пра гэту сумную і прыгожую гісторыю. «Тата» — прадстаўнік гібрыднага жанру дакументальнай анімацыі, аднаго з самых актуальных у кіно. Рэжысёрка-дэбютантка, якая паслядоўна вывучала жывапіс, а затым і анімацыю, вырашыла камбінаваць гэтыя розныя спосабы данесці сваю гісторыю да гледачоў, і ў яе гэта выдатна атрымалася. У сваёй аўтабіяграфічнай хроніцы Марыя Якімовіч звяртаецца да самых інтымных рэчаў. «Тата» ўражвае сваёй шчырасцю і майстэрствам. Сямейныя гісторыі не рэдкасць у дакументальных фільмах, дзе прызнанне ўжо даўно стала тэндэнцыяй. Але нават на фоне іншых прыватных гісторый сюжэт «Таты» здзіўляе сваёй крайняй шчырасцю. Сама Марыя Якімовіч сцвярджае, што фільм стаў для яе своеасаблівай псіхатэрапіяй, паколькі дазволіў зняць цяжар даўняй сямейнай траўмы. У фільме выкарыстаны старыя фотаздымкі, сямейная VHS-хроніка, аб'яднаныя ў аўтарскае выказванне з дапамогай унікальнай тэхнікі калажу.
Мова арыгіналу: польская, руская Субцітры: беларускія | англійскія