Хайль, Моцарт: аўдыяфiльскае пагружэнне ў свет паўсядзённых гукаў і тэорый змовы пра музыку як інструмент нацысцкай прапаганды
Вы калі-небудзь задумваліся аб прыродзе гукаў, якія мы чуем кожны дзень, — храбусценне каменьчыкаў пад нагамі, трэск бурбалак у шклянцы газіроўкі ці скрып колаў ровара, што праязджае побач? А аб тым, як на нас можа ўплываць самая звычайная музыка? Сёння ўвесь музычны свет прывык да таго, што стандартная частата для ноты ля першай актавы раўняецца 440 Гц. Але так было не заўсёды: рашэнне змяніць гэтае значэнне з 432 Гц прынялі толькі ў мінулым стагоддзі ў нацысцкай Германіі. Каб, як лічыць музыкаведка і галоўная гераіня фільма Лоры Амат, было прасцей кантраляваць насельніцтва краіны. Бо гук — гэта і інфармацыя, і эмоцыя: універсальная масавая зброя прапаганды, чыя сіла невідавочная, а таму асабліва небяспечная. Ветэран нарвежскай дакументалістыкі Гюнар Хал Енсэн пачынае фільм з цалкам абсурднай тэорыі — нібыта ўся сучасная музыка сваім гучаннем абавязаная эксперыментам вучоных Трэцяга рэйха. Але, як і усякага добрага даследчыка, яго не палохае нязведанае і дзіўнае. І вось ужо тое, што спачатку здавалася дурным жартам, ператвараецца ў маштабнае, складанае і вельмі неардынарнае даследаванне пра значэнне гуку ў жыцці чалавека — з устаўнымі інтэрв'ю экспертаў у галіне фізікі гуку, псіхолагаў-музыказнаўцаў, аўдыяфілаў і гукатэрапеўтаў. Магчыма, не ўсе таямнiцы гуку атрымаецца разгадаць за гэтыя паўтары гадзіны, але наўрад ці пасля прагляду вы зможаце чуць свет так, як раней.
Мова арыгіналу: англійская Субцітры: беларускія | англійскія