З ДЗІКАГА МОРА

Паэтычная хроніка барацьбы за выратаванне марскіх жывёл

Магчыма, вы ведаеце, наколькі цяжка пасадзіць котку ў пераноску, каб адвезці яе да ветэрынара. А цяпер уявіце, што вы робіце тое ж самае, толькі з параненым і напалоханым дзікім цюленем — і гэта толькі малая частка працы, якую праводзяць валанцёры, ратуючы марскіх жывёл. Менавіта за імі назірае дацкая рэжысёрка Робін Петрэ, якая аб'ехала ўзбярэжжы Вялікабрытаніі, Ірландыі і Нідэрландаў, каб убачыць, як дабрачынныя арганізацыі з гэтых краін спрабуюць хоць бы часткова выправіць шкоду, што чалавек наносіць марской дзікай прыродзе. Антрапацэн — фармальны тэрмін, які пацвярджае тое, што мы жывём у эпоху максімальнага ўплыву чалавека на экасістэмы Зямлі — становіцца ключавым матывам «З дзікага мора». Марскія жывёлы наўрад ці ведаюць такія складаныя паняцці, але затое даўно і ясна адчуваюць змяненне клімату і прысутнасць няпрошаных гасцей у сваім доме. Цюлені, дэльфіны і кіты атрымліваюць траўмы ад прылова, напорваюцца на вінты лодак, захворваюць з-за з’едзенага пластыку ці трапляюць у моцны шторм, які адкідвае іх на скалістыя берагі, дзе істоты задыхаюцца і паміраюць. Акіянскі побыт ператварыўся ў барацьбу за выжыванне тысяч відаў. Сярод іх — i птушкі, якія сталі ахвярамі разліваў нафты. У сваім фільме Робін Петрэ даследуе складаныя адносіны паміж людзьмі і марскімі насельнікамі, назiраючы за ​​ўсiмi падзеямi з пункту гледжання апошніх. «З дзікага мора» арганічна спалучае ў сабе вытворчую драму валанцёраў і паэтычна-сузіральныя кадры акіяна, што бушуе, лішні раз нагадваючы пра тое, наколькі мізэрны чалавек у параўнанні з прыродай.

Мова арыгіналу: англійская
Субцітры: беларускія | англійскія