Дакументальны coming-of-age пра дзяўчат у літоўскай арміі
Калі пару гадоў таму ў Літве быў адноўлены прызыў на вайсковую службу, некалькі жанчын таксама запісаліся ў армію добраахвотніцамi. Дакументальны фільм дэбютанткі Марыі Станiтэ распавядае гісторыі трох гераінь, якія жывуць і трэніруюцца на ізаляванай ваеннай базе сярод 600 мужчын. Прычыны, па якіх кожная з іх там апынулася, абсалютна розныя. Адна з дзяўчат хоча пачаць новае жыццё, іншая спрабуе знайсці каханне, трэцяя проста імкнецца даказаць, што яна таксама здольная абараняць сваю краіну ад магчымай пагрозы нападу з боку Расiі. Аднак неўзабаве іх рамантычныя ўяўленні аб прафесіі ваеннага пачынаюць разбурацца пад ціскам суровай рэальнасці. «Пяшчотныя салдаты» — па сутнасці ціхая coming-of-age драма, якая разгортваецца не ў самай звыклай прасторы. Знясільваючыя трэніроўкі, шматкіламетровыя марш-кідкі, медыцынская падрыхтоўка і казарменны побыт дзяўчат, абсалютна чужых на гэтай маскуліннай тэрыторыі, захаваныя максімальна падрабязна. Рэжысёрка Станiтэ не робіць асаблівых акцэнтаў на вiдавочным супрацьпастаўленні «мужчынскага» і «жаночага» — уся барацьба разгортваецца толькі ўнутры саміх гераінь. Гэта барацьба за ўласныя перакананні, незалежнасць і права быць шчаслівай — і яна можа быць самай брутальнай і самай пяшчотнай адначасова.
Мова арыгіналу: літоўская Субцітры: беларускія | англійскія