Брутальная элегія кампазітара Ёхана Ёхансана ў духу «Салярыса» і «Касмічнай адысеі» — пра тленнасць быцця і гібель чалавецтва
«Апошнія і першыя людзі» — гэта не проста вольная экранізацыя культавага фантастычнага рамана Олафа Стэплдана, але і кінаэсэ, якое падводзіць вынік мінулым эпохам. Закадравы голас актрысы Цільды Суінтан распавядае пра лёс чалавецтва, пакуль на экране мільгаюць дэпрэсіўныя кадры закінутых архітэктурных помнікаў. Людзі, як высветліцца, пакінулі зруйнаваную планету ў пошуках лепшага жыцця — дзясяткі пакаленняў жадалі дасягнуць гармоніі са светам і самімі сабой, а прыйшлі да немінучага вымірання ўдалечыні ад роднай Зямлі. Усё, што пачуе глядач, — страшэннае адкрыццё апошняга чалавека пра адзіноту, няўхільнасць смерці і, як следства, бессэнсоўнасць усякiх уцёкаў у невядомыя касмічныя далячыні. Першапачаткова «Апошнія і першыя людзі», знятыя на тэрыторыі краін былой Югаславіі, існавалі толькі ў фармаце фестывальнага медыяперформанса. Аднак пасля раптоўнай смерці 48-гадовага кампазітара і рэжысёра-дэбютанта Ёхана Ёхансана з панурых манахромных кадраў змантавалі гадзінны фільм. Жахліва змрочны і філасофскі, цяпер ён нагадвае жудасную эпітафію не столькі чалавецтву, колькі самому аўтару. Гэта наватарская і ўнікальная навуковая фантастыка без футурыстычнага антуражу, тон якой задае дэпрэсіўны эмбіент і руіны велічных архітэктурных глыб.