«Скачок» веры: займальны док пра літоўскага марака, які ўцёк з СССР прама з палубы карабля
У Савецкім Саюзе было дастаткова перабежчыкаў, але нямногім удавалася так эфектна выбрацца з сацыялістычнай дзяржавы, як літоўскаму мараку Сiмасу Кудзірку. Працуючы радыстам у рыбалоўным флоце, 23 лістапада 1970 года ён літаральна пераскочыў са свайго судна «Советская Литва» на карабель амерыканскай берагавой аховы і папрасіў палітычнага прытулку. Гэты скачок, які ў любой галівудскай гісторыі абавязкова б стаў яркім сімвалам доўгачаканай свабоды, Кудзірку нічога добрага спачатку не прынёс. Параіўшыся, амерыканцы аддалі яго назад на савецкі карабель — мужчыну збівалі і катавалі, а потым павесілі на яго велізарны тэрмін за «здраду радзіме». І толькі асабістае ўмяшанне Рональда Рэйгана дазволіла мараку дабіцца свайго і ўрэшце эміграваць у ЗША. Дакументальны фільм Гедрэ Жыцкiтэ ў падрабязнасцях аднаўляе гэтую захапляльную гісторыю ўцёкаў ад таталітарнай улады (хай уцёкаў першапачаткова няўдалых). Галоўным спікерам у фільме выступае сам 91-гадовы Кудзірка, які ўсё ж такi вярнуўся назад на радзіму, ужо ў незалежную Літву. Абаяльны герой жыва распавядае пра дэталі сваёй авантуры, а таксама разам з рэжысёркай разыгрывае эпізоды таго неверагоднага дня — кадры гэтых рэканструкцый, нават нягледзячы на вядомы фінал, здаюцца напружаным трылерам. «Скачок» — гэта ціхі, але пераканаўчы маніфест асабістай свабоды і яшчэ адзін доказ таго, што чалавечая смеласць можа зламаць нават самую людаедскую сістэму.
Мова арыгіналу: літоўская, англійская Субцітры: беларускія | англійскія