Рок за незалежнасць: архіўны аповед пра літоўскіх музыкаў, якія падарылі свабоду цэлай краіне
Гэтая гісторыя пачалася ў 1984 годзе, на заранку перабудовы ў СССР. Напярэдадні навагодняй вечарыны саюза архітэктараў у Каўнасе пяцёра маладых людзей на адзін дзень збіраюцца ў жартоўны музычны ансамбль. Пранк выходзіць з-пад кантролю: праз некалькі месяцаў пра новы рок-гурт Antis (перакладаецца як «качка»), які спрытна спалучае рытмы Talking Heads і тэатралізаваныя карыкатуры на савецкую прапаганду, ужо гаворыць уся Літва. Яшчэ праз пару гадоў архітэктары будуць выступаць на адных фестывальных сцэнах з «Аквариумом» і «Браво», пракоцяцца з турамі па Еўропе і ЗША і натхняць тысячы людзей на маршы за незалежнасць сваёй краіны. «Як мы гулялі ў рэвалюцыю» — рэжысёрскі дэбют дакументалiсткi Гедрэ Жыцкiтэ (яе новы фільм «Скачок» таксама ўдзельнічае ў асноўнай дакументальнай праграме «Паўночнага ззяння»). Гэта сатканы з архіўных VHS-кадраў аповед пра маленькую краіну, якая ў пэўны перыяд гісторыі здолела засланіць усе навінавыя загалоўкі ў свеце, пра людзей, якія дамагаліся грамадзянскіх свабод з усмешкамі і песнямі, пра музыку, якая ў патрэбны момант стала самай магутнай зброяй дабра.
Мова арыгіналу: літоўская Субцітры: рускія | англійскія