ПЕРСОНА НОН ГРАТА

Да вяселля зажыве: дасціпнае дацкае драмедзі пра канфлікт горада і вёскі

Трыццацігадовая пісьменніца Лаўра, якая цяпер называе сябе Ірынай, прыязджае з Капенгагена ў родную вёску на вяселле брата. Будучы прагрэсіўнай веганкай, актывісткай i адэпткай свабодных адносiн, яна ўжо шмат гадоў як не хоча мець нічога агульнага са сваімі сельскімі каранямі і сям'ёй жывёлаводаў. Але, зноў апынуўшыся на бацькоўскай ферме, Лаўра даведваецца, што нявеста брата — яе школьная крыўдзіцелька Катрын. Акрамя таго, «новенькая», здаецца, усур'ёз збіраецца заняць яе месца ў доме: усё ў ёй душы не чуюць, а мама Лаўры падарыла ўжо нявестцы бабуліна кальцо і нават паабяцала перадаць ёй свой кветкавы магазін. Складаныя пачуцці прымушаюць галоўную гераіню рабіць выбар паміж адстойваннем сваіх поглядаў і барацьбой за ўвагу сям'і — што, вядома, абернецца дзясяткам камічных сітуацый. «Персона нон грата» — дэбютная стужка датчанкі Лізы Есперсан — часткова аўтабіяграфічная: рэжысёрка распавядала, што таксама яшчэ падлеткам пераехала з правінцыі ў вялікі горад, адчула сябе «прасветленай» і спрабавала перавыхаваць уласных бацькоў. Есперсан кладзе ў аснову гісторыі класічны канфлікт горада і вёскі, але пры гэтым сыходзіць ад стэрэатыпных вобразаў і з захапленнем іранізуе з прагрэсіўных сацыяльных трэндаў. Сямейная падрыхтоўка да вяселля тут з'яўляецца своеасаблівай бомбай запаволенага дзеяння: зразумелыя ва ўсім свеце рытуалы рэжысёрка выкарыстоўвае адначасова і для камедыі, і для драмы, і для стварэння напружання. Ключавыя моманты фільма ўзмацняе хаатычная партатыўная камера дацка-чылійскага аператара Мануэля Альберта Клара, які, сярод іншага, апошнія 10 гадоў здымаў усе фільмы Ларса фон Трыера.

Мова арыгіналу: дацкая
Субцітры: беларускія | англійскія