Сэкс, танцы і пенсія: трагікамічны фінскі роўд-муві, якi разбурае стэрэатыпы пра пажылых жанчын
75-гадовая Інкеры выпадкова забівае свайго мужа патэльняй падчас гарачай спрэчкі пра малінавае варэнне. Перад тым як правесці рэшту дзён у турме, жанчына вырашае з'ездзіць у нацыянальны парк Колі, прыхапіўшы за кампанію дзвюх старэйшых сясцёр — рассеяную Сюльві і цынічную Райлі. Пажылыя дамы садзяцца ў вiнтажны «Мерседэс» і, бясконца цапаючыся, адпраўляюцца ў падарожжа па фінскiх глухменях. На шляху Інкеры ўспамінае маладую сябе — радыкальную актывістку, пісьменніцу і феміністку, а таксама спрабуе зразумець, чаму 50 гадоў таму прамяняла свабоду і амбіцыі на побыт і аб’юзiўны шлюб. Але аказваецца, што і на восьмым дзясятку можна крута развярнуць жыццё супраць плыні — збегчы з дому, напіўшыся і панадліва сплясаўшы на дыскатэцы пад рускі рэтравэйв. Другая рэжысёрская праца фінскай актрысы Памэлы Тола — поўнае жывасцi, дзікасці і чорнага гумару кіно, якое аддае даніну павагі старасці і пры гэтым разбурае ўсе магчымыя эйджысцкiя ўмоўнасці. «Жалезныя лэдзі» ўспадкуюць ўсе матывы класічных адвязных роўд-муві, запраўляючы іх ладнай дозай скандынаўскай меланхоліі і глыбока апускаючыся ў тэмы крызісу старэйшага ўзросту, жаночай сілы і пошуку сябе.
Мова арыгіналу: фінская Субцітры: беларускія | англійскія