Шведская Zoom-трагікамедыя — інтымны і камерны партрэт чалавечых пачуццяў ва ўмовах самаізаляцыі
Адзінаццаць герояў — прадстаўнікоў шведскага сярэдняга класа — закрытыя па дамах у самы разгар першай хвалі пандэміі COVID-19. Маці, што памірае, угаворвае сына памірыцца з братам. Цяжарная жанчына знаходзіць каханне. Кінуты муж спрабуе бадзёрыцца. Парачка iнфлюэнсераў прыдумляе ідэі для кантэнту з самаізаляцыі. Псіхатэрапеўт падтрымлівае кліента, хоць сам знаходзіцца на мяжы нервовага зрыву. Дачка пачынае моцна прывязвацца да маці. Іх вельмі розныя лёсы цесна сплятаюцца дзякуючы адзінаму спосабу зносін, што застаўся, — па відэасувязі. Мудрагелістая для гутарковай драмы назва Orca ў перакладзе з латыні адсылае да касаткi — стайнага млекакормячага, не здольнага жыць ізалявана ад суродзічаў. Шведская рэжысёрка Ёзэфінэ Борнэбуш пераносіць гэты феномен на людзей, з горка-салодкай усмешкай і адчуваннем татальнай меланхоліі малюючы наш калектыўны партрэт ва ўмовах сацыяльнага дыстанцыявання. Бясконцы кругаварот Zoom-чатаў, у якіх увесь фільм камунікуюць галоўныя героі, яскрава агаляе пачуцці, што апаноўваюць, калі і без таго не самыя трывалыя чалавечыя сувязі павольна распадаюцца на пікселі і глітчы на экранах ноўтбукаў. Барнебуш напісала сцэнар, седзячы на карантыне, за тры тыдні — яшчэ столькі ж спатрэбiлася на здымкі ў хатніх умовах.
Мова арыгіналу: фарэрская Субцітры: беларускія | англійскія