Апісанне
Размова са знакамітым дацкім пісьменнікам
Самы вядомы і загадкавы дацкі пісьменнік, Пітэр Хёг далучыцца online да кінафестывалю "Паўночнае Ззянне". Ягоныя кнігі заварожвальныя, меланхалічныя, з дэтэктыўнай інтрыгай, часта напісаныя ад імя жанчыны. У тым ліку і бестсэлер «Сміла і яе пачуццё снегу», экранізаваны класікам дацкага кіно Біле Аўгустам. Пра літаратурнае і кінематаграфічнае з Пітэрам Хёгам пагавораць пісьменніца Таццяна Заміроўская і дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае Ззянне», прадзюсарка і рэжысёрка Воля Чайкоўская.
Мова iвента: англійская з паслядоўным перакладам на беларускую
Удзельнікі
Пітэр Хёг. Пісьменнік, аўтар бестсэлеру "Сміла і яе адчуванне снегу" (Данія)
Пітэр Хёг - адзін з самых знакамітых дацкіх пісьменнікаў, чые кнігі перакладзеныя больш як на 30 моваў свету. Нарадзіўся ў Капенгагене, вучыўся ў прыватнай школе. Скончыў Капенгагенскі універсітэт са ступенню магістр мастацтваў па спецыяльнасці «Літаратура». Да таго, як стаў пісьменнікам, паспрабаваў сябе ў самых розных сферах: займаўся фехтаваннем і альпінізмам, танчыў ў Каралеўскім балеце Даніі, хадзіў на яхце, шмат вандраваў па свеце, працаваў выкладчыкам сцэнічнага мастацтва. Сярод самых вядомых раманаў Пітэра Хёга «Сміла і яе пачуццё снега», «Умоўна прыдатныя», «Дзеці нагляднікаў заапарку», «Цішыня», «Жанчына і малпа», «Уяўленне пра XX стагоддзе», «Цёмны бок Хюге». Свае творы ён піша асадкай ад рукі. Пітэр Хёг захапляецца ўсходняй філасофіяй, ён здабыў рэпутацыю самотніка, бо палову года праводзіць разам з сям’ёй на выспе Ютландыя, дзе аддаліўшыся ад людзей, медытуе і піша кнігі.
Таццяна Заміроўская. Беларуская пісьменніца, журналістка, аўтарка раману "Смерці.net" (ЗША/Беларусь)
Таццяна Заміроўская - беларуская пісьменніца і журналістка. Працавала ў «Белгазеце», публікавалася як культурніцкая аглядальніца і музычны крытык у незалежных беларускіх медыях. З 2015 года жыве ў Нью-Ёрку, дзе скончыла магістратуру мастацтваў Бард Каледжу. Апублікавала тры зборнікі кароткіх апавяданняў: «Жыццё без шуму і болю» (АСТ, 2010), «Вераб’іная рака» (АСТ, 2015) і «Зямля выпадковых лічбаў» (АСТ, 2019), апошні намінаваўся на прэміі «НОС» і «Нацбест». Стыпедыятка арт-рэзідэнцый Калоніі Макдауэл і Цэнтру творчых мастацтваў у Вірджыніі. Фіналістка прэміі Астафьева, лаўрэатка прэміі Горчава і сталая ўдзельніца зборнікаў малой прозы, якія курыруе Макс Фрай. Раман Таццяны «смерці.net», які выйшаў у чэрвені 2021 году ў рэдакцыі Алены Шубінай, трапіў у лонг-ліст прэміі «Нацбест».
Воля Чайкоўская. Дырэктарка кінафестывалю "Паўночнае Ззянне", прадзюсарка, рэжысёрка (Эстонія/Беларусь)
Воля Чайкоўская - прадзюсарка і рэжысёрка з Беларусі, жыве ў Эстоніі. Воля мае адукацыю журналісткі і 11-гадовы досвед працы ў медыя. Атрымала ступень магістра рэжысуры і прадзюсавання ў Baltic Film and Media School (Талін, Эстонія). У 2016 годзе заснавала кінакампанію Volia Films, зарэгістраваную ў Эстоніі і Беларусі. У тым жа годзе Volia Films знялі поўнаметражны дакументальны фільм «Дарога» (рэж. Дзмітрый Калашнікаў) і прэзентавалі яго на IDFA First Appearance Competition. Агулам стужка пабачыла больш за 80 кінафестываляў. Да таго ж, Воля ўваходзіць у лік сябраў Еўрапейскай кінаакадэміі і праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў, заснавальніца і кіраўніца «Паўночнага ззяння». У 2019 годзе Воля далучылася да кінакампаніі Allfilm як прадзюсарка і рэжысёрка, а зараз актыўна працуе над трыма праектамі.