Апісанне
Як з гумарам паглядзець на сацыяльны ціск і перадумоўленасць
Чорная камедыя «Жалезныя лэдзі» прысвечаная аванцюрам трох пажылых ды рашучых гераіняў. Рэжысёрка Памэла Тола кажа, што гэта ода сталасці і заклік святкаваць жыццё ў любым узросце, бо ісці да сваёй мары ніколі не позна. Пра пазітыўны ды іранічны погляд на ўзрост з рэжысёркай спецыяльна для Паўночнага Ззяння пагаворыць кінакрытык і былая адборшчыца Берлінале Клаўдзія Ландсбэргер.
Мова iвента: англійская з беларускімі субтытрамі
Удзельнікі
Памэла Тола. Кінарэжысёрка, сцэнарыстка і актрыса (Фінляндыя)
Памэла Тола - фінская актрыса, аўтарка і рэжысёрка. Роля ў фільме Доме Карукоскі "Beauty and The Bastard" (2005) стала для яе прарывам, за гэтую ролю Памэла атрымала першую намінацыю на фінскую ўзнагароду Jussi. Яна таксама грала ў іншых фільмах Карукоскі: "Lapland Odyssey" (2010) і "Heart of a Lion" (2013). Памэла грала ў відэафільмах і аматарскім тэатры з дзевяцігадовага ўзросту. Навучалася ў Theatre Academy of Helsinki і атрымала ступень магістра тэатральных мастацтваў у 2008 годзе. У 2007 годзе была апублікавана яе кніга "Why I act?", частка яе выпускной работы ў акадэміі. Падчас навучання яна грала ў тэатры Jurkka ў Хельсінкі. Першы паўнаметражны фільм Памэлы "Swingers" выйшаў у 2018 годзе. Дагэтуль яна працавала ў кароткім метры. У якасці аўтаркі сцэнара і рэжысёркі яна выпусціла яшчэ адзін паўнаметражны фільм "Lаdies of Steel".
Клаўдзія Ландсбергер. Праграмная кансультантка шматлікіх міжнародных кінафестываляў, былая адборшчыца Берлінале
Клаўдзія Ландсбергер працуе ў сферы прасоўвання сюжэтаў, сцэнароў і праектаў, кансультавання па папярэднім мантажы, падтрымкі продажаў і фестывальнай стратэгіі гульнявых і дакументальных фільмаў. Клаўдзія Ландсбергер з'яўляецца праграмнай кансультанткай шматлікіх міжнародных кінафестываляў, кіраўніцай Талінскай праграмы маладых артыстаў Black Nights Stars, а таксама каардынатаркай Prifest Industry у Косава. Цягам шматлікіх гадоў яна была сябрам адборачнай камісіі Конкурснай праграмы Берлінале і Гамбургскага кінафонду. Яна таксама з'яўляецца сябрам Еўрапейскай кінаакадэміі з правам голасу. Ландсбергер цягам дваццаці гадоў была генеральнай дырэктаркай EYE International у Нідэрландскім інстытуце кіно, а таксама сузаснавальніцай і прэзідэнткай міжнароднай арганізацыі па падтрымцы еўрапейскага кіно.