Удзельнікі
ЮЛІЯ ТАМІНЕН
Арганіст і клавесініст Юлія Тамінен нарадзілася ў Мінску. У 1994 годзе скончыла Мінскае музычнае вучылішча па спецыяльнасці тэорыя музыкі, пасля - гісторыка-тэарэтычны факультэт Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. А. Рымскага- Корсакава, дзе адначасова займалася па класу аргана ў дацэнта Таццяны Чаусавай. Адначасова працавала ў касцёлах Санкт- Пецярбурга. Юлія працягнула навучанне ў Акадэміі імя Яна Сібеліуса ( Хельсінкі) па класу аргана (праф. Олі Портан) і па класу клавесіна (выкл. Ансі Маціла, Эліна Мустанен, Асі Картунен).
Як стыпендыят фінскага культурнага фонда стажыравалася ў магістратуры Амстэрдамскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Пітэра ван Дайка (арган) і Мена ван Дэльфа (клавесін і клавікорд).
Лаўрэат 7-га міжнароднага арганнага конкурса ў Алькмаары (Нідэрланды). Уладальнік спецыяльнай прэміі "За лепшае выкананне барочнай музыкі" на 7 міжнародным конкурсе арганістаў імя Мікаэла Тарывердзіева. Удасканальвала сваё майстэрства на майстар-класах вядомых арганістаў (Харальда Фогеля, Берхарда Хааса, Ханс-Ола Эрыксана, П’ера Даміяна Пярэцці, Эдуарда Бялоцці, Тона Коапмана і інш.). Pэгулярна выступае з сольнымі канцэртамі ў Беларусі, Нідэрландах, Францыі, Велікабрытаніі, Паўночнаеўрапейскіх краінах, Балтыйскіх краінах і ў Расіі. Працуе арганістам у лютэранскім прыходзе Тыкурыла. Заснавальнік ансамбляў старажытнай музыкі Un'altra ondata і Сorde Sonore. Выступае як клавесініст і арганіст з фінскім барочным аркестрам, а таксама з сімфанічным аркестрам горада Хельсінкі.
BON VOYAGE - праект, які аб'ядноўвае маладых жанчын- музыкантаў
Папулярная класіка, мелодыі Брадвея, музыка кіно і арыгінальныя апрацоўкі песень народаў свету складаюць аснову рэпертуару калектыву. У праекце ўзялі ўдзел выключна прадстаўніцы прыгожага полу - мы падтрымліваем жаночую творчасць!
Праект існуе з сакавіка 2014 года. За гэты час дзяўчаты пазнаёмілі беларускую публіку з музыкай Італіі, Іспаніі, Францыі, Турцыі, Аргенціны, ЗША, Венгрыі і Фінляндыі. Рэпертуар BON VOYAGE увесь час пашыраецца, бо кожны новы канцэрт - гэта магчымасць падзяліцца з публікай добрым настроем, здзейсніць музычнае падарожжа, пазнаёміць гледачоў з дзіўнымі па прыгажосці і зместу мелодыямі з розных канцоў свету.
За некалькі гадоў музыкантамі быў створаны шэраг канцэртных праграм: “Мелодыя Ночы” (дабрачынны канцэрт-казка для дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў), “Рытмы сонца” (музыка Міжземнага Мора і Аргентыны), “Аднойчы ў Амерыцы”, “Шляхі Любові” (музыка Іспаніі і Францыі пры ўдзеле тэатра Svoyi), Канцэрт Лацінаамерыканскай музыкі «Любоў, не пакідай мяне...», а таксама “Скандынаўская Рапсодыя” і “Восеньскі раманс”.
Дзяўчыны актыўна супрацоўнічаюць з пасольствамі Італіі, Венгрыі, Фінляндыі, з прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь, прымаюць удзел у мерапрыемствах Нацыянальнага мастацкага музея, галерэі Міхаіла Савіцкага, а таксама ў праектах знакамітага беларускага мастака Андрэя Смаляка.