Навіны

СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ – новы слоган 6-га кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і новаўвядзенні 2020

СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ / LISTEN AND HEAR — новы слоган 6-га фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які адбудзецца сёлета з 22 па 29 кастрычніка ў Мінску.

«Паўночнае ззянне» запускае працу над візуалам кінафестывалю. Здымкі пройдуць у перыяд з 20 па 28 лютага ў Мінску. Увесь прадакшн каманда «Ззяння» традыцыйна робіць самастойна. У здымках прымуць удзел: актывістка ініцыятыўнай групы «Маршируй, детка» Святлана Гатальская, крэатыўны дырэктар і пісьменніца Вера Філенка, яе дачка і маці, а таксама іншыя героі. Сёлета праз візуальную канцэпцыю «Паўночнае ззянне» запрашае даследаваць тэмы эмпатыі, блізкасці, пераемнасці пакаленняў, разбурэння старых узораў паводзінаў.

Штогод «Паўночнае ззянне» аб’ядноўвае сваю праграму тэматычным слоганам. Гэта лейтматыў і мэсадж фестывалю да сваіх гледачоў і ўсіх жыхароў планеты. СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ — менавіта так гучыць слоган «Паўночнага ззяння-2020», паколькі сёлета мы заклікаем вас прыслухацца.

Каля 28 фільмаў асноўнай праграмы 6-га «Паўночнага ззяння» раскрыюць розныя няпростыя тэмы, пра якія мы часам нават не хочам чуць. А каманда фестывалю са свайго боку заклікае вас практыкавацца ў эмпатыі і клапаціцца пра сябе, блізкіх, і наваколле. Мы хочам сфакусавацца на тым, што важна не толькі слухаць, але і чуць; што эмпатыя — гэта не пра слабасць, гэта — пра ўзаемную павагу і дапамогу.

Як часта вы сапраўды чуеце тое, што слухаеце? Чуць — гэта даволі рэдкая здольнасць, бо ў мітусні сучаснага жыцця не застаецца ні часу, ні энергіі, ні рэсурсаў, каб пачуць самае важнае. Таму і цяжка знайсці эмпатыю і спачуванне, калі чалавек не чуе сябе, блізкіх, наваколле, а паспачуваць і дапамагчы — становіцца невыканальнай місіяй. Але менавіта слухаць і чуць — тое, што нас уратуе.

Воля Чайкоўская, заснавальніца і дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне», распавядае:

«Паўночнае ззянне» прапаноўвае сёлета спыніцца хаця бы на фестывальны тыдзень і ўлучыць троху часу, каб абвастрыць увагу і паслухаць. Пра правы жанчын, кампаніі супраць хатняга гвалту і яго жудасныя наступствы; пра экалагічныя катастрофы і змену клімату; пра менталітэт пераспажывання і перавытворчасці.

Калі я была маленькай, мама аднойчы спытала ў мяне, кім я хачу стаць, калі вырасту. Я адказала, што хачу стаць міратворцам. У прынцыпе ўсё, што я раблю, таксама і ў межах «Паўночнага ззяння», у тым ці іншым сэнсе пра тое, каб адчуваць тонка і праяўляць сардэчнасць. Я маю, можа быць, даволі наіўнае перакананне, што гэта ключавыя якасці, і калі людзі раўняюцца на гэта, то ніякія войны, непавага да слабейшага, гвалт, знявага наваколля — немагчымыя. Паслухайце пра гэта, паспрабуйце пачуць, выйдзіце з зоны камфорту. У нас заўжды ёсць выбар, што думаць і як жыць".

Поўную версію маніфеста «Слухаць і чуць» кінафестывалю «Паўночнае ззянне» 2020 можна прачытаць на сайце.

У межах кінафестывалю будзе паказана 28 стужак, сярод якіх 15 міжнародных поўнаметражных фільмаў, 8 дакументальных фільмаў са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі, упершыню 5 кароткаметражных фільмаў са Швецыі і 8 стужак у паўнавартаснай праграме беларускага кіно! Акрамя таго, на індустрыйнай платформе «Паўночнага ззяння» адбудуцца 7 індустрыйных мерапрыемстваў, якія будуць транслявацца ў сацыяльных сетках фестывалю.

Пры падтрымцы: Nordisk KulturFond (Данія), Nordic Council of Ministers (Данія)
Суарганізатары: Пасольства Каралеўства Швецыя ў Беларусі, Пасольства Нарвегіі ў Кіеве, Дацкі Інстытут культуры ў Літве, Латві і Эстоніі, тэлеканал «Настоящее время», УП Кінавідэапракат Мінгарвыканкама — «КиноМинска», кінакампанія Volia Films.
Генеральныя партнёры: Офіс Пасольства Фінляндыі ў Беларусі, Пасольства Эстоніі ў Беларусі, Пасольства Літвы ў Беларусі, Пасольства Латвіі ў Беларусі, Ісландскі цэнтр кіно, Фінскі фонд кіно, Эстонскі інстытут кіно, Нарвежскі інстытут кіно, Шведскі інстытут кіно, Дацкі інстытут кіно, Літоўскі цэнтр кіно, Нацыянальны кінацэнтр Латвіі, B2BDOC — Baltic to Black Sea Documentary Network.
Партнёры: гатэль Double Tree by Hilton Minsk, афіцыйны дыстрыбутар Mazda у Беларусі, служба таксі «Пятніца», арт-суполка «Sinie Gory», рэнтал-хаўз FirstRental, Ў галерэя, кавярня «Зерно», DataHata. by, Blockbuster. by, Jihlava International Documentary Film Festival.