ПАМІЖ ЦЕМРАЙ І СВЯТЛОМ
У сваім паэтычным дакументальным фільме рэжысёрка Наташа Урбан выкарыстоўвае сонечнае зацьменне як метафару вайны. Праз нататкі свайго бацькі і сямейныя гісторыі яна вяртаецца ў трагічныя падзеі 1999 года ў Югаславіі. Зацьменне — гэта таксама вобраз забыцця, замоўчвання памылак мінулага, адмаўлення калектыўнай траўмы. Дзве выбітныя сербскія жанчыны, рэжысёрка Наташа Урбан і экспертка ў галіне культурнай палітыкі, прафесарка Мілена Драгічэвіч-Шэшыч, абмяркуюць фільм і пагавораць пра важнасць успамінаў, нават калі яны балючыя.




Сербскі погляд на траўматычнае мінулае
Мова івента: англійская з паслядоўным перакладам на беларускую.
28.11—19:00 (GMT +3)
ONLINE (LIVE)
СПІКЕРЫ
Наташа Урбан
Рэжысёрка і мантажорка дакументальнага кіно, працуе з 2005 года. Яе фільмы бралі ўдзел у шматлікіх міжнародных кінафестывалях і атрымалі больш за 40 узнагарод. Стужкі трансляваліся на буйных тэлеканалах, яны ўваходзяць у адукацыйныя праграмы ў школах па ўсім свеце — ад Ганы да Манголіі. Наташа скончыла факультэт фатаграфіі і відэа Бухарэсцкага ўніверсітэта мастацтваў і мае ступень магістра фатаграфіі Белградскага ўніверсітэта мастацтваў. «Зацьменне» — яе першы поўнаметражны фільм, які атрымаў прэстыжную прэмію DOX:AWARD, галоўную ўзнагароду CPH:DOX 2022, а таксама спецыяльную згадку Doc Alliance Award. Ён намінаваны на European University Film Award. Наташа нарадзілася і вырасла ў Нові-Садзе, Сербія, цяпер жыве і працуе ў Осла, Нарвегія.
Мілена Драгічэвіч-Шэшыч
Прафесарка і міжнародная экспертка ў галіне культурнай палітыкі і менеджменту, заснавальніца секцыі ЮНЕСКА па інтэркультуралізме, арт-менеджменце і медыяцыі, ганаровы сябар і былы прэзідэнт Універсітэта мастацтваў у Белградзе, запрошаная лектарка ў некалькіх універсітэтах свету. Яна напісала 20 кніг і больш як 200 эсэ, якія перакладзеныя на 18 моваў. У 2006-2007 гг. Мілена была дарадцай міністра культуры Сербіі і працавала ў якасці эксперткі ў шэрагу міжнародных арганізацый, такіх як ЮНЕСКА, Рада Еўропы, Еўрапейскі культурны фонд ды іншых. У 2002 годзе яна была ўдастоеная звання кавалера Ордэна Акадэмічных Пальм (Францыя). Прафесарка брала ўдзел у 50 праектах па культурным менеджменце ў Еўропе, Індыі, Камбоджы, Арабскіх краінах і Тайландзе.