ЯК ЗДЫМАЦЬ КІНО Ў НЕБЯСПЕЧНЫХ УМОВАХ
На працягу трох месяцаў рэжысёрка Каміла Нільсан была сведкай драматычных падзей выбараў і барацьбы за дэмакратыю ў Зімбабвэ. Як здымаць кіно ў краіне з дыктатурай, дзе на кожны крок патрэбны дазвол, а на вуліцах дзеецца гвалт? І чаму датчанку хвалюе тое, што адбываецца ў Афрыцы, ці не ёсць гэта каланіяльным поглядам? Адказы на пытанні ў шчырай гутарцы дзвюх фільммэйкерак — рэжысёркі Камілы Нільсан і прадзюсаркі, дырэктаркі кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Волі Чайкоўскай.




Шчырая размова пра фільм «Прэзідэнт»
Мова івента: англійская з паслядоўным перакладам на беларускую.
21.11—19:00 (GMT +3)
ONLINE (LIVE)
СПІКЕРЫ
Каміла Нільсан
Незалежная кінарэжысёрка з Капенгагена, мае ступень магістра візуальнай антрапалогіі Нью-Ёркскага ўніверсітэта. Яе працы ахопліваюць розныя тэмы: ад трылогіі аб правах дзяцей (Good Morning Afghanistan (2003), Durga (2004), The Children of Darfur (2006)) да ўрбаністычнай камедыі пра бюракратыю і планаванне дарожнага руху (Mumbai Disconnected (2009)). Першы поўнаметражны дакументальны фільм К. Нільсан пра распрацоўку новай канстытуцыі ў Зімбабвэ атрымаў больш за 25 міжнародных узнагарод, у тым ліку як найлепшы дакументальны фільм на Tribeca Film Festival. Сусветная прэм'ера яе новага фільма «Прэзідэнт» адбылася ў 2021 годзе на Sundance, дзе стужка атрымала спецыяльны прыз журы ў намінацыі Vérité Filmmaking.
Воля Чайкоўская
Заснавальніца і кіраўніца кінафестывалю «Паўночнае ззянне», прадзюсарка і рэжысёрка з Беларусі, жыве ў Эстоніі. Воля мае адукацыю журналісткі і 11-гадовы досвед працы ў медыя. Атрымала ступень магістра рэжысуры і прадзюсавання ў Baltic Film and Media School (Талін, Эстонія). У 2016 годзе заснавала кінакампанію Volia Films, якая ў тым жа годзе выпусціла поўнаметражны дакументальны фільм «Дарога» (рэж. Дзмітрый Калашнікаў), і прэзентавала яго на IDFA First Appearance Competition. Агулам стужка пабачыла больш за 80 кінафестываляў. У 2019 годзе Воля далучылася да кінакампаніі Allfilm як прадзюсарка і рэжысёрка, а цяпер актыўна працуе над трыма праектамі.