Навіны

СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ. Online-праграма 6-га «Паўночнага ззяння»

6-ы Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» адбудзецца сёлета з 22 па 29 кастрычніка ў online-фармаце. У новай праграме кінафестывалю 28 фільмаў, сярод якіх стужкі з Паўночнай Еўропы і Балтыі, яскравыя дэбюты беларускіх рэжысёраў, шведскія кароткаметражкі і насычаная індустрыйная платформа з лекцыямі ад скандынаўскіх феміністак на злобу дня.

Кінафестываль быў двойчы перанесены з-за розных абставінаў (спачатку пандэмія COVID-19, а пасля інтэрнэт-блакада ў Беларусі), але арганізатары вырашылі падтрымаць сваіх гледачоў і ўсё ж правесці «Паўночнае ззянне-2020» у online-фармаце.

Оnline-фармат — гэта новы досвед не толькі для каманды арганізатараў, але і для саміх гледачоў, якія звыкліся глядзець стужкі фестывалю ў кінатэатры. Адмыслова да новага фармату сумесна з mediatech.by была створана асобная стрымінгавая платформа для зручнага прагляду стужак. Падрабязней, як карыстацца online-платформай, чытайце ў наступных рэлізах. Фільмы кінафестывалю можна паглядзець, аплаціўшы доступ, але ўсе івэнты будуць даступныя бясплатна.

У межах кінафестывалю будзе паказана 28 стужак, сярод якіх 15 міжнародных поўнаметражных фільмаў, 8 дакументальных фільмаў са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі, упершыню 5 кароткаметражных фільмаў са Швецыі і 8 стужак у паўнавартаснай праграме беларускага кіно! Акрамя таго, на індустрыйнай платформе «Паўночнага ззяння» адбудуцца 7 індустрыйных мерапрыемстваў, якія будуць транслявацца ў сацыяльных сетках фестывалю.

Сёлетняя online-праграма «Паўночнага ззяння» багацейшая за папярэднія offline: толькі стужак з міжнароднай праграмы больш за 20 і ўсе яны — беларускія прэм’еры і ўдзельнікі буйных кінафестываляў:

  • дакументальна-гульнявая стужка «Сезон» (Швецыя) прадзюсара Эрыка Хэмендорфа, які таксама прадзюсуе фільмы знакамітага рэжысёра Рубэна Эстлунда, атрымала спецыяльную ўзнагароду на CPH: DOX Award. У стужцы можна назіраць выдатную аператарскую працу — Іты Зборнец-Зайт — уладальніцы прэміі імя Свэна Нюквіста на Göteborg Film Festival.
  • літоўскі фільм Аўдруса Міцкевічуса і Нэрыюса Мілерыуса «Узорныя паводзіны» ўздымае актуальныя тэмы для постсавецкага грамадства пра пачуццё калектыўнай віны і даследуе парадокс узорных паводзін забойцаў. Стужка атрымала спецыяльную прэмію the Golden Dove на міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Лейпцыгу.
  • сусветная прэм’ера эстонскай стужкі «Свята» пра феномен конкурсаў прыгажосці адбылася на кінафестывалі «Белыя ночы» ў Таліне, а фільм гэтага ж рэжысёра «Мурашнік» ужо ўдзельнічаў у мінулым «Паўночным ззянні». Дарэчы, фільм зкопрадзюсаваны дырэктаркай кінафестывалю Воляй Чайкоўскай.
  • «Праўда і справядлівасць» — экранізацыя культавай аднайменнай кнігі эстонскага пісьменніка Антона Тамсаарэ, а зпрадзюсаваў стужку ўжо знаёмы беларускім гледачам Іва Фельт. Фільм прадстаўляў Эстонію ў барацьбе за Оскар-2019 і ўвайшоў у лонг-ліст.

Міжнародная праграма адпявядае апошнім падзеям у краіне і свеце, распавядае пра моцных жанчын у палітыцы і падымае пытанні гвалту над жанчынамі ў грамадстве:

  • дакументальная стужка са Швецыі «Феміністарка» — неверагодны агляд чатырох год кіравання Шведскай міністаркі замежных спраў Маргот Вальстром;
  • гульнявы альманах «Сіла звычкі», створаны ў калабарацыі сям’ю фінскімі рэжысёркамі, распавядае пра гвалт і ціск на жанчын вачыма саміх жанчын і даследуе гэтую тэму;
  • а дакументальная стужка «Брусэль», аднаго з самых паспяховых эстонскіх прадзюсараў Гінца Грубэ, дазваляе паглядзець знутры на кіраванне Еўрасаюза!

Вялікай адметнасцю «Паўночнага ззяння-2020» стала стварэнне асобнай беларускай праграмы. Сёлета яна складаецца з 8 стужак, больш за палову з якіх — рэжысёрскія дэбюты! У праграме прадстаўленыя ўжо такія знаёмыя імёны, як кінарэжысёр Віктар Аслюк і ягонае паэтычнае эсе «Эпітафія», Андрэй Куціла з эмацыйным фільмам «Мне трэба поціскаў», «Межы» Юліі Шатун і «Невядомы рай» Дар'і Юркевіч.

Упершыню глядач пазнаёміцца са стужкай паспяховага беларускага кліпмэйкера Арцёма Лобача «Шлях дадому» пра пошукі маладых людзей свайго месца ў свеце; псіхалагічнай драмай «Дзэзерцір» Сашы Сцельчанкі — дыпломны фільм мінскага рэжысёра, які скончыў вельмі прэстыжную кінашколу FAMU ў Празе. Новыя імёны з’явяцца таксама і ў альманаху «На сувязі»: акрамя стужкі рэжысёра Максіма Шведа, можна будзе пабачыць работы перспектыўных рэжысёраў Ксеніі Галубовіч, Алеся Лапо і Веранікі Бандаровіч. Асноўная тэма альманаха — як кам’ютэры і інтэрнет змяняюць жыццё маладых беларусаў.

Сёлетняя індустрыйная платформа складаецца з 7-і івэнтаў, у пераважнасці тых, якія закранаюць пытанні разумення мастацтва, а таксама інтэрпрэтацыі яго ў кіно ці жывапісу; пытанні блізкасці беларускай культуры і беларусаў з суседзямі з Паўночнай Еўропы ў паблік-току з пісьменніцай і перакладчыцай Анкай Упалай, а таксама вялікая дыскусія з кіраўніцай аддзела прамоцыі фільмаў Літоўскага кінацэнтра Давіле Бутнарутэ пра тое, як змянілася кінасупольнасць пасля руху #metoo.

Слоган і асноўны месэдж сёлетняга фестывалю — СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ — як ніколі актуальны ў кантэксце апошніх падзей у свеце і ў Беларусі. Каманда «Паўночнага ззяння» заклікае сваіх гледачоў практыкавацца ў эмпатыі, клапаціцца пра сябе, сваіх блізкіх і наваколле. Фокус кінафестывалю накіраваны на тое, што важна не толькі слухаць, але і чуць; што эмпатыя — гэта не пра слабасць, гэта — пра ўзаемную павагу і дапамогу.

Адпаведна да 6-га кінафестывалю была зроблена новая візуальная канцэпцыя. У здымках прынялі ўдзел актывістка ініцыятыўнай групы «Маршируй, детка!» Святлана Гатальская, крэатыўны дырэктар і пісьменніца Вера Філенка, яе дачка і маці, а таксама іншыя героі. Сёлета праз візуальную канцэпцыю «Паўночнае ззянне» запрашае даследаваць тэмы эмпатыі, блізкасці, пераемнасці пакаленняў, разбурэння старых узораў паводзінаў.


Пры падтрымцы: Nordisk KulturFond (Данія), Nordic Council of Ministers (Данія)
Арганізатары: кінакампанія Volia Films, Індывідуальны Прадпрымальнік Чайкоўская В.М.
Суарганізатары: Амбасада Каралеўства Швецыя ў Беларусі, Амбасада Нарвегіі ў Кіеве, Дацкі Інстытут культуры ў Літве, Латві і Эстоніі, тэлеканал «Настоящее время», mediatech. by
Генеральныя партнёры: Офіс Амбасады Фінляндыі ў Беларусі, Амбасада Эстоніі ў Беларусі, Пасольства Літвы ў Беларусі, Амбасада Латвіі ў Беларусі, Ісландскі цэнтр кіно, Фінскі фонд кіно, Эстонскі інстытут кіно, Нарвежскі інстытут кіно, Шведскі інстытут кіно, Дацкі інстытут кіно, Літоўскі цэнтр кіно, Нацыянальны кінацэнтр Латвіі, B2BDOC — Baltic to Black Sea Documentary Network.
Партнёры: арт-суполка «Sinie Gory», рэнтал-хаўз FirstRental, DataHata. by, Майстэрня сацыяльнага кіно, Eclab. by — European College of Liberal Arts in Belarus.
Інфармацыйныя партнёры: BYCARD, CityDog, 34mag.net, AfishaTUT. by, TheVillage, Kyky.org