КАРОТКІ КУРС ПА ДЭКАЛАНІЗАЦЫІ
Панэльная дыскусія збярэ анлайн праграмных дырэктараў буйных міжнародных кінафестываляў, а таксама крытыкаў ды фільммэйкераў з Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Беларусі. Яны паразважаюць пра тое, як цяпер выглядае працэс адбору фільмаў і як міжнародныя кінафестывалі, складаючы свае праграмы, дэкаланізуюць рэгіён Усходняй Еўропы, куды ўваходзіць і Беларусь.

Як сёння выглядае працэс адбору фільмаў на кінафестывалях
Мова івента: англійская.
23.11—19:00 (GMT +3)
ONLINE (LIVE)
СПІКЕРЫ
Альгірдас Рамашка
Генеральны дырэктар арганізацыі Kino Pavasaris, якая займаецца кінематаграфічнымі, культурнымі і адукацыйнымі падзеямі ў Літве. Найбольш важная з іх — Вільнюскі міжнародны кінафестываль Kino Pavasaris — найбуйнейшая кіна- і культурная падзея ў Літве. Альгірдас таксама кіруе дыстрыб'ютарскай кампаніяй Kino Pavasaris Distribution. Ён мае больш як 20-гадовы міжнародны досвед працы ў кінаіндустрыі, валодаючы наборам навыкаў, якія ахопліваюць бізнэс-менеджмент, арганізацыю культурных мерапрыемстваў, дыстрыбуцыю фільмаў, камунікацыі, маркетынг і спонсарства.
Ігар Сукманаў
Беларускі кіназнаўца і журналіст. Сябар Еўрапейскай кінаакадэміі, віцэ-прэзідэнт беларускай секцыі Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў (ФІПРЭСІ). Акрамя таго, ён сталы аўтар кіначасопіса «Мастацтва кіно», найстарэйшага часопіса ў Еўропе, які спецыялізуецца на кіназнаўстве. Адзінаццаць гадоў (2010-2020) Ігар быў праграмным дырэктарам мінскага Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», які ў 2020 годзе быў скасаваны беларускімі ўладамі. «Лістапад» прэзентаваў кінематограф былога СССР або краін з агульным камуністычным мінулым з Усходняй Еўропы, Азіі, у тым ліку Кітая, Кубы і інш. З 2021 года Сукманаў — сябра Праграмна-кансультатыўнай рады Адэскага міжнароднага кінафестывалю. Нядаўна ён далучыўся да каманды Варшаўскага кінафестывалю ў якасці старшага праграмера.
Эліна Рэйтэрэ
Незалежны кіназнаўца і крытык, другі галоўны рэдактар латвійскага кіначасопіса Kino Raksti. Вывучала аўдыявізуальную культуру, кіно і перфаматыўнае мастацтва ў Рызе і Майнцы. Эліна жыве ў Ляйпцыгу са сваёй сям'ёй.
Аляксей Радынскі
Фільммэйкер і пісьменнік з Кіева. Яго фільмы дэманстраваліся на Міжнародным кінафестывалі ў Ратэрдаме, Kurzfilmtage Oberhausen, Docudays IFF, Sheffield Doc Fest, DocAviv, Docs Against Gravity, DOK Leipzig, Інстытуце сучаснага мастацтва (Лондан) і атрымалі шэраг узнагарод. Пасля заканчэння Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей навучаўся па праграме Home Workspace (Ашкал Алван, Бейрут). У 2008 годзе ён стаў сузаснавальнікам Цэнтра даследаванняў візуальнай культуры — ініцыятывы ў галіне мастацтва, ведаў і палітыкі ў Кіеве. Яго тэксты публікаваліся ў выданнях "Proxy Politics: Power and Subversion in Networking Age" (Archive Books, 2017 г.), "Art and Theory of the Post-1989 Сentral and East Europe: A Critical Anthology" (MoMA, 2019) і часопісе e-flux.
Хелен Герытсан
Кіраўніца кінафестывалю goEast і прадзюсарка. Вывучала славянскія мовы і эканоміку ў Амстэрдаме і Санкт-Пецярбургу. З 2003 года яна жыве ў Нямеччыне. У 2009 годзе яна спрадзюсавала свой першы поўнаметражны дакументальны фільм і разам з прадзюсарам і рэжысёрам Сахандам Замані заснавала ўласную прадзюсарскую кампанію Serious Directions. З 2014 па 2016 год яна была дырэктаркай фестывалю еўрапейскага дакументальнага кіно dokumentART у Нойбрандэнбургу. З кастрычніка 2017 года Хелен узначальвае фестываль фільмаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы goEast, арганізаваны Нямецкім інстытутам кіно (DFF).