Як дома
Беларускае незалежнае кіно перажывае дзіўныя часы, калі рэжысёры раз'ехаліся па ўсім свеце, але не могуць вярнуцца і здымаць фільмы ў сваёй роднай краіне. Як выглядае кінапрацэс у выгнанні? Падчас анлайн-дыскусіі аўтары стужак, што ўвайшлі ў беларускую праграму "Паўночнага ззяння", распавядуць, дзе цяпер яны пачуваюцца як дома і ці ўдаецца ім знаходзіць сілы ды магчымасці, каб здымаць кіно, салідарызавацца з калегамі і не губляць сувязь з гледачом. Мадэраваць размову будуць дырэктарка "Паўночнага ззяння" Воля Чайкоўская і культуролаг Максім Жбанкоў.

Незалежнае беларускае кіно: дзе мы, хто мы, куды мы ідзём?
Мова івента: беларуская, руская.
29.11—16:00 (GMT +3)
ONLINE (LIVE)
спікеры
дзіма дзядок
Нарадзіўся ў 1989 годзе ў Лёзне, Беларусь. У 2015 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці рэжысёр ігравога кіно. Выбраная фільмаграфія: «Паміж небам і зямлёй» (2015-2019, дакументальны), «Шчыры погляд» (2017), «Вяселле сына» (2019), «Вершы з балота» (2019), «Свая праўда» (2020), «Дзіма» (2020), «Гэта я, Мінск» (2022).
Ганна Саўчанка
Беларуская фільммэйкерка, якая цяпер жыве ў Бруселі, дзе скончыла навучанне па праграме DocNomads. Ганна працавала па ўсім свеце ў такіх праектах у сферы кінавытворчасці і медыяадукацыі, як Youth Media, BBC World Service Trust, Adobe Youth Voices, Luksuz Produkcija. Яна рэжысёрка і мантажорка некалькіх кароткаметражных фільмаў, якія даследуюць паэтычны дыялог паміж дакументальным і эксперыментальным жанрамі. Цяпер Ганна здымае свой поўнаметражны дакументальны фільм «72 гадзіны», які ўжо атрымаў узнагароду European Women Audiovisual Network на Dok Leipzig co-production market у 2019 годзе. Яна працуе з Off World Production у Бельгіі ў якасці рэжысёркі і мантажоркі серыяла Borderline, які выйшаў у 2020 годзе. Ганна рабіла мантаж дакументальнага фільма «Мы будзем памятаць іх», які стаўся фільмам закрыцця фестывалю Visions Du Reel 2019, а таксама працавала кансультанткай па мантажы дакументальнага фільма El Color Del Camaleon.
Мікіта Лаўрэцкі
Нарадзіўся ў 1994 годзе ў Мінску, Беларусь. Французскі часопіс Cahiers du Cinema назваў яго «самым цікавым жартаўніком нябачнай беларускай сцэны». Яго поўнаметражны кінадэбют «Беларускі псіхапат» атрымаў прыз як найлепшы беларускі фільм на Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у 2015 годзе. У 2018-м Мікіта скончыў магістратуру па кіназнаўстве Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2020 года яго дысідэнцкія фільмы, у якіх спалучаюцца вымысел і рэальнасць, дэманструюцца на ArtDocFest, DAFilms і Doclisboa, дзе сёлета фільм Мікіты «Спатканне ў Мінску» перамог у Міжнародным конкурсе. Артыкулы рэжысёра пра кіно і TV публікаваліся ў выданнях «Мастацтва кіно» і «Афіша».
Уладзімір Казлоў
Беларускі пісьменнік і кінарэжысёр. Ён нарадзіўся ў Магілёве, у прамысловым горадзе на тэрыторыі былой БССР, цяперашняй Беларусі. У дзяцінстве і юнацтве быў сведкам краху Савецкай імперыі, што пазней адбілася на аўтарскіх кнігах і фільмах. Казлоў напісаў некалькі мастацкіх і дакументальных кніг, якія ўваходзілі ў шорт-ліст або ў лонг-ліст буйных кніжных прэмій. З 2013 года здымае інды-фільмы, якія дэманстраваліся і збіралі ўзнагароды на розных кінафестывалях.
Максім Жбанкоў
Журналіст, кінааналітык, калумніст, выкладчык, культуролаг. Адначасова ўступіў у піянеры і пачуў першую пласцінку «Бітлз». Практыкуе крытычнае мысленне з 1993 года. Аўтар серыі аўтарскіх праграм на «Радыё Свабода» і «Радыё Рацыя», кніг «No Style. Белкульт паміж Вудстокам і Дажынкамі» (2013), «SloMo. Хатняя крытыка культурнага дызайну» (2021), а таксама бязмежнага аб'ёму друкаванай аналітыкі. Неаднаразовы фігурант «чорных спісаў» мясцовага і рэспубліканскага значэння. Першую палову жыцця будаваў кар'еру, другую — яе паслядоўна разбураў.
Воля Чайкоўская
Заснавальніца і дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне», прадзюсарка і рэжысёрка з Беларусі, жыве ў Эстоніі. Воля мае адукацыю журналісткі і 11-гадовы досвед працы ў медыя. Атрымала ступень магістра рэжысуры і прадзюсавання ў Baltic Film and Media School (Талін, Эстонія). У 2016 годзе заснавала кінакампанію Volia Films, якая ў тым жа годзе выпусціла поўнаметражны дакументальны фільм «Дарога» (рэж. Дзмітрый Калашнікаў) і прэзентавала яго на IDFA First Appearance Competition. Агулам стужка пабачыла больш за 80 кінафестываляў. У 2019 годзе Воля далучылася да кінакампаніі Allfilm як прадзюсарка і рэжысёрка, а цяпер актыўна працуе над трыма праектамі.