Сёлетні Беларускі конкурс складаецца з 12 фільмаў: гэта поўнаметражныя, кароткаметражныя; ігравыя, дакументальныя, анімацыйныя; сацыяльныя, рамантычныя і камедыйныя стужкі.

Фільмы Беларускага конкурсу будзе традыцыйна ацэньваць міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі ўкраінская прадзюсарка Дар'я Бассель, беларускі рэжысёр Аляксей Палуян, дырэктар Еўрапейскага кінарынку Berlinale Дэніс Рух.

Фільм, які заваюе Гран-пры, атрымае грашовы прыз у памеры 1200$, а тая стужка, якой сябры журы прысудзяць Спецыяльны прыз, атрымае 800$.
Таксама журы могуць дадаткова адзначыць карціны конкурсу спецыяльнай згадкай. Прызавая падтрымка прадастаўляецца тэлеканалам 'Current Time'.

Фільм «Усё добра: я сплю» не ўдзельнічае ў гонцы за грашовыя прызы.
журы Беларускага конкурсу
Дар'я Бассель працавала з тэлевізіяй і камерцыйнай прадукцыяй. У 2011 годзе далучылася да міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно пра правы чалавека Docudays UA як праграмерка, а пазней стала на чале індустрыйнай платформы. Пачала прадзюсарскую кар'еру ў 2013-м. Брала ўдзел у фестывалі Eurodoc, імпрэзе Producers Network у межах Канскага кінакірмашу (Marché du Film), трэнінгах Ex Oriente і EAVE, працавала ў журы такіх фестываляў, як Visions du Réel, IDFA, Cinedoc Tbilisi, Astra, One World у Празе, у Адэскім і Кракаўскім міжнародных кінафестывалях. У ліку яе прадзюсарскіх работ карціны «Звонку» (Outside, 2022), што дэбютавала на фестывалі CPH:DOX і паказвалася больш чым на 20 кінафестывалях па ўсім свеце, і «Бачанне матыля» (Butterfly's Vision, 2022), упершыню паказаная ў Канах у межах праграмы Un Certain Regard. Выступала супрадзюсаркай намінавага на Оскар дакументальнага фільма «Дом з аскепкаў» (A House Made Of Splinters, 2022).
Дар'я
Бассель
Прадзюсарка, кіраўніца індустрыйнай платформы міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно пра правы чалавека Docudays UA
УКРАІНА
Аляксей Палуян нарадзіўся ў Беларусі ў 1989 годзе. Вядомы як рэжысёр кароткіх мастацкіх фільмаў і арыгінальных дакументальных твораў, якія можна пабачыць на кінафестывалях усяго свету. Чалец Еўрапейскай кінаакадэміі, сузаснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі, выпускнік адукацыйнай секцыі Берлінале Berlinale Talents. У 2019 годзе на кінафестывалі Clermont-Ferrand адбылася прэм'ера кароткаметражкі Аляксея «Возера радасці» (Lake Of Happiness). Кінастужка атрымала некалькі ўзнагарод міжнародных фестываляў і ў 2020-м трапіла ў намінацыю кароткаметражак Прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі 2020, лонг-ліст прэміі Оскар 2021 у намінацыі «Найлепшае гульнявое кароткаметражнае кіно». У 2021-м дакументальны дэбют Аляксея, фільм «Смеласць» (Courage), быў прэзентаваны на 71-м Берлінскім міжнародным фестывалі і ўключаны ў праграмы фестываляў IDFA, Visions du Réel, CPH:DOX, HotDocs, Sheffield Doc/Fest і Кракаўскага міжнароднага кінафестывалю, а пазней і ў лонг-ліст Прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі 2022.
Аляксей Палуян
Рэжысёр
БЕЛАРУСЬ
Дэніс Рух узначальвае Еўрапейскі кінарынак з 2020 года. Вывучаў культуралогію, сацыялогію, аўдыявізуальныя камунікацыі і гісторыю ў Брэмене (Германія) і Валенсіі (Іспанія). У 2008-м, у студэнцкія часы, Дэніс пачаў працаваць на Міжнародным фестывалі незалежнага кіно ў Альдэнбургу, сукіраўніком якога стаў у 2011-м. З 2010 года пачаў супрацу з Independent Partners Film. З 2012-га да 2020-га Рух ўзначальваў аддзел супрацы з міжнароднымі фестывалямі і камунікацый з прадзюсарамі ў German Films. Дэніс рэгулярна чытае лекцыі ў кінашколах, выступае на панэлях кінаканферэнцый і фестываляў, засядае ў журы.
Дэніс
руХ
Дырэктар Еўрапейскага кінарынку
ГЕРМАНІЯ