Упершыню на «Паўночным ззянні» — Конкурс дэбютаў! На працягу фестывалю міжнароднае журы ацэняць 13 поўнаметражных карцін з Паўночнай Еўропы і Балтыі, якія сталі першымі або другімі самастойнымі фільмамі маладых рэжысёраў. Фільм-пераможца заваюе званне Найлепшага фільма, у той жа час журы змогуць адзначыць Спецыяльнымі згадкамі і іншыя стужкі конкурснай праграмы. Далучайцеся да прагляду Конкурсу дэбютаў, каб даведацца пра новыя гучныя імёны ў сусветным кіно!
журы міжнароднага конкурсу дэбютаў
Вітаўтас Пуйдокас — рэжысёр дакументальных фільмаў, фрылансер з Вільнюса. Атрымаў дыплом Сурэйскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) па спецыяльнасці «медыя- і кіназнаўства». Пачаў кар'еру на літоўскім нацыянальным тэлебачанні як сцэнарыст і рэжысёр. Прэм'ера яго дэбютнага поўнаметражнага дакументальнага фільма El Padre Medico адбылася на Міжнародным кінафестывалі ў Камдэне (ЗША), стужка была намінаваная на найлепшы дакументальны фільм Літвы. Яго сярэднеметражны фільм «Перш чым яны сустрэнуцца» (Before They Meet) у межах сумеснага праекта рэжысёраў з шасці краін Borderline быў намінаваны на найлепшы фламандскі дакументальны серыял. Таксама Вітаўтас ініцыяваў сумесныя здымкі дакументальнага фільма «Ліст да Украіны» (A Letter to Ukraine), да якіх далучыліся больш за 100 літоўскіх фільммейкераў. У 2022 годзе атрымаў узнагароду Вільнюскага кінафестывалю Kino Pavasaris як пачынаючы мясцовы фільммейкер. Фільмы Пуйдокаса паказваюцца на шматлікіх еўрапейскіх і амерыканскіх кінафестывалях. Апроч дакументальнага кіно ён здымае кліпы і відэаінсталяцыі. Творы рэжысёра ахопліваюць такія тэмы, як міграцыя, гісторыя і ідэнтычнасць.
Вітаўтас Пуйдокас
Рэжысёр, прадзюсар
ЛІТВА
Ганна нарадзілася ў Беларусі, цяпер жыве і працуе ў Бельгіі. Мае дыплом магістарскай праграмы DocNomads у рэжысуры дакументальнага кіно. Цікавіцца пераважна крэатыўнай дакументалістыкай, гібрыдным і эксперыментальным кіно. Выступала як рэжысёрка і мантажорка некалькіх каротка- і поўнаметражных дакументальных фільмаў для фестываляў па ўсім свеце. Працавала над дакументальным серыялам Borderline (2021) сумесна з бельгійскай кампаніяй Off World Production: рэжысавала эпізод Where The World End, мантажавала Before They Meet. З імі ж мантажавала дакументальны фільм We Will Remember Them, што закрываў праграму Міжнароднага дакументальнага кінафестывалю Visions du Réel у 2019 годзе. Апроч таго рабіла мантаж для дакументальнага фільма Touche і адной серыі дакументальнага серыяла Draw for Change, што выйшлі ў 2023 годзе. Выпускніца адукацыйных праграм EsoDoc, CIRCLE Women Doc Accelerator, Baltic Sea Docs, EurasiaDoc і B2B Doc.
ГАННА
САЎЧАНКА
РэжысёрКА, МАНТАЖОРКА
БЕЛАРУСЬ
Віктар Нордэншэльд — шведскі рэжысёр, прадзюсар, лаўрэат кінапрэмій, а таксама журналіст-міжнароднік. Аўтар мноства фільмаў для шведскага тэлебачання. Прэм'ера яго кароткаметражнай стужкі «Як не з гэтага свету» (2014) адбылася на Берлінале. Яго першы поўнаметражны фільм «Феміністар» (2019) быў прадстаўлены на Міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Капенгагене CPH:DOX у 2019 годзе, прэм'ера другога фільма «Па шведскай мадэлі» адбылася на Гётэборгскім кінафестывалі, а версія стужкі была прадстаўлена на CPH:DOX. Магістр Стакгольмскага ўніверсітэта драматычных мастацтваў, бакалаўр журналістыкі ў Нідэрландах і Даніі. У якасці журналіста супрацоўнічае з Шведскім камітэтам па размеркаванні грантаў у галіне мастацтва і Балтыйска-Чарнаморскай асацыяцыяй дакументалістаў B2B Doc.
Віктар Нордэншэльд
Рэжысёр, прадзюсар
Швецыя