Фінская версія «Чалавека грызлі» Вернэра Херцага пад трывожную музыку эстонскага гурта Puuluup пагружае гледача ў жыццё доўгабародага пустэльніка Ханну. Яго сувязь з дзікай прыродай значна мацнейшая, чым у большасці людзей на планеце. Увесь вольны час Ханну прысвячае сеансам экзарцызму ў саўне і спробам зняць на ўсталяваныя ў лесе ўтоеныя камеры палахлівую еўразійскую рысь, якая знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Мужчына знаёміцца і з іншымі жывёламі, якія блукаюць па лесе, дае ім імёны, спазнае іх радасці ды смуткі — пры гэтым амаль ніколі не кантактуе з імі наўпрост. Калі непадалёк ад яго хаціны аказваецца труп рэдкай дзікай коткі, Ханну надзявае рысіную маску, становіцца на карачкі і прымаецца вынюхваць таямніцу, прадзіраючыся скрозь багну і зараснікі. Чаргуючы жывапісныя панарамы заходне-фінскай глушы і лоў-файныя чорна-белыя кадры з дзясяткаў камер начнога бачання, сюррэалістычная стужка Юхі Суонпя малюе адначасова каляровую і змрочную карціну жывёльнага свету — а таксама ўздзеяння на яго чалавека. Бо колькі б галоўны герой ні прыкладаў намаганняў для таго, каб жыць у гармоніі з прыродай, ён усё роўна застаецца прадстаўніком лютага ворага рысі і адзінага віду, які забівае дзеля задавальнення.