ГУКАВЫ СУСВЕТ СЛЯПОГА
Галоўны апавядальнік у фільме «Сляпы, які не хацеў глядзець "Тытанік"» — гук. Над ім працавалі сусветна вядомыя саўнд-дызайнеры і фолі-артысты Хейкі Коссі і Пітэр Альбрэхтсан. Перад камандай стаяла няпростая задача — перадаць гукавую карціну свету невідушчага чалавека. Для гэтага адмыслоўцы кансультаваліся з выканаўцам галоўнай ролі Петры Пайкаляйненам, які страціў зрок праз хваробу. Зорка дацкага саўнд-дызайну Пітэр Альбрэхтсан сустрэнецца анлайн з беларускім гукарэжысёрам Дзмітрыем Наталевічам і раскажа пра тое, як з дапамогай гуку перадаць змены ўнутранага стану і тактыльныя адчуванні героя, а таксама прыадкрые таямніцы, як ствараюцца фолі і мікс фільма і чаму гэта сапраўднае мастацтва.




Чаму праца гукарэжысёра — гэта мастацтва
Мова івента: англійская з паслядоўным перакладам на беларускую.
26.11—18:00 (GMT +3)
ONLINE (LIVE)
Спікеры
Пітэр Альбрэхтсан
Дацкі гукарэжысёр і музычны супервайзер з Капенгагена. Там ён працуе як над ігравымі, так і над дакументальнымі фільмамі. Яго апошнія працы ў сферы саўнд-дызайну ўключаюць новы амерыканскі фільм жахаў «Паўстанне злавесных мерцвякоў», намінаваны на «Оскар» фільм «Пячора», хіт фестывалю Sundance «Забойства двух каханкаў» і фаварыта сусветных кінафестываляў «Тэрыторыя». Ён таксама працаваў гукарэжысёрам у фільме Крыстафера Нолана «Дзюнкерк». Пітэр стаў сябрам AMPAS у 2017 годзе і шэсць разоў быў намінаваны на прэмію MPSE Golden Reel Award. Апроч працы з гукам Пітэр Альбрэхтсан працуе музычным супервайзерам і цесна супрацоўнічае з сусветна вядомымі музыкамі, такімі як Antony and the Johnsons, Jóhann Jóhannsson і Efterklang. Пітэр таксама піша пра музыку і фільмы для дацкіх і міжнародных часопісаў і чытае лекцыі па гукавым дызайне па ўсім свеце.
Дзмітры Наталевіч
Гукарэжысёр кіно. Выпускнік Балтыйскай Школы Кіно (Baltic Film and Media School) у Эстоніі. Заснаваў у Таліне сваю саўнд-дызайн-студыю Sound Shot, якая ўжо 10 гадоў працуе з ігравымі, дакументальнымі, анімацыйнымі, тэлевізійнымі праектамі і рэкламай. Збольшага ён працуе над фільмамі эстонскіх рэжысёраў. З апошніх прац — дакументальныя стужкі Prazdnik (2019) і Hipodroom (2022) (рэж. Уладзімір Логінаў), Yoyogi (2022) (рэж. Max Golomidov), Ott Tanak: The Movie (2019) (рэж. Tarvo Mölder), поўнаметражны анімацыйны фільм Vanamehe Film (2019) (рэж. Mikk Mägi, Oskar Lehemaa).