Леэна Пасанен – кінаэкспертка, кансультантка і т’ютарка, а таксама мастацкая кіраўніца кінафестывалю «Mente Locale» ў Італіі. Яна была мастацкаю кіраўніцаю «DOK Leipzig» (Нямеччына) і фестывалю «Biografilm» (Італія). Яна таксама працавала дырэктаркай Еўрапейскай дакументальнай сеткі (Данія), дырэктаркаю Фінскага культурніцкага інстытуту ў Будапэшце (Вугоршчына), тэлевядоўцаю, кіраўніцай аддзелу дакументальнага кіно і дакументальных праграмаў на фінскай грамадскай тэлерадыёкампаніі «Yle». Яна была сталай эксперткай і выкладніцай у некалькіх навучальных праграмах і на кінарынках, напрыклад, «Documentary Campus», «EsoDoc», «WEMW» і EAVE, была сябраю журы на некалькіх міжнародных фестывалях, у тым ліку «Sundance» і IDFA. Яна таксама фермерка і вытворца віна, працуе эксперткай у продажы ў вінным агенцтве «Marc de Grazia Selections» у Фларэнцыі (Італія). Мае трох коней, трох сабакаў і асла.
Мастацкая кіраўніца кінафестывалю «Mente Locale», кінаэкспертка і кансультантка
Мара Тамковіч – польска-беларуская сцэнарыстка і рэжысёрка. Нарадзілася ў Мінску (Беларусь), пераехала ў Польшчу, каб вучыцца на факультэце журналістыкі Варшаўскага ўніверсітэту. Вывучала рэжысуру ў Варшаўскай кінашколе і Школе Вайды. На працягу амаль дзесяці гадоў Мара працавала журналісткай у незалежных беларускіх медыях, якія транслююць з Польшчы. Ейныя фільмы прысвечаныя сацыяльна значным тэмам, цесна звязаным з рэчаіснасцю, і былі прэзентаваныя на шматлікіх фестывалях у Польшчы і за мяжой, у тым ліку на Міжнародным кінафестывалі ў Чыкага, Турынскім кінафестывалі, Мінскім МКФ, фестывалі FEST – New Directions | New Films Festival ды іншых, атрымаўшы больш за 30 узнагародаў. Прэм'ера першай поўнаметражнай стужкі «Пад шэрым небам» адбылася на фестывалі «Tribeca». Фільм атрымаў прэмію «Найлепшы дэбют» на Польскім кінафестывалі ў Гдыні.
Мара – сябра Гільдыі польскіх рэжысёраў і Беларускай незалежнай кінаакадэміі.