пераможцы Конкурсу дэбютаў
У гэтым годзе «Паўночнае ззянне» ўпершыню адкрывае міжнародны конкурс дэбютных работ. У яго ўвайшлі 13 поўнаметражных дакументальных і ігравых фільмаў рэжысёраў і рэжысёрак з краін Скандынавіі і Балтыі. Ва ўсіх гэтых стужках аўтары і аўтаркі эксперыментуюць з формай кіно і знаходзяць новыя падыходы да гісторый пра людзей, месцы, прыроду, творчасць, сучаснае грамадства і асабістыя перажываннi. Большасць фільмаў, прадстаўленых у конкурсе, адзначаны прызамі і намінацыямі найбуйнейшых міжнародных фестываляў: Канскі кінафестываль, Берлінале, «Сандэнс», Лакарна, IDFA, CPH:DOX.
пераможца
АПАЛОНІЯ, АПАЛОНІЯ
РЭЖ. ЛЕА ГЛОБ | ДАНІЯ, ПОЛЬШЧА, ФРАНЦЫЯ | 2022 | 116 ХВ. | ДАКУМЕНТАЛЬНЫ
Дакументальная сенсацыя мінулага года — шчырая і захапляльная хроніка барацьбы маладой мастачкі за сваё месца ў сусвеце мастацтва. Фільм здымаўся на працягу 13 гадоў.
Шчырае і прыгожае даследаванне двух пераплеценых падарожжаў: мастачкі Апалоніі і рэжысёркі, якая апавядае яе гісторыю. Нягледзячы на, здавалася б, зусім розныя жыццёвыя выклікі, жанчыны знаходзяць паразуменне ў сваім імкненні перадаць рэчаіснасць праз выявы. Гэты фільм выходзіць за рамкі тыповага партрэта мастака; гэта сведчанне глыбокага ўплыву, які можа аказаць здымка чужой гісторыі на рэжысёра. У сваёй прастаце "Апалонія, Апалонія" паказвае моцную сувязь паміж аповедам і асабістай трансфармацыяй.
Каментар журы
спецыяльныЯ ЗГАДКІ
АПОШНЯЯ ВЯСНА
РЭЖ. ФРАНЦІШКА ЭЛІАСЕН | НАРВЕГІЯ | 2022 | 79 ХВ. | ІГРАВЫ
Экзістэнцыйная экафемінісцкая фантазія, якая атрымала дзве ўзнагароды кінафестывалю ў Лакарна.
«Апошняя вясна» — гэта фільм, створаны сэрцам і інтуіцыяй - двума найкаштоўнейшымі інструментамі, якія можа атрымаць кінематаграфіст, інструментамі, якія нараджаюць сапраўдную творчасць і вобразнасць. Якое месца мы, людзі, мусім займаць у ландшафце гэтай смяротнай планеты? Гэта пытанне, якое трэба ўспрымаць не толькі рацыянальна, але і праз сувязь з нашым глыбокім «я». І фільм Францішкі Эліясэн скіроўвае нас менавіта ў гэтым напрамку. Смелае і дзёрзкае выказванне свайго пакалення і часу.
Каментар журы
ГОРЫ
РЭЖ. КРЫСЦІЯН АЙНСХОЙ | ДАНІЯ | 2022 | 88 ХВ. | ДАКУМЕНТАЛЬНЫ
Гэтай сям'і патрэбны новы герой: кранальны аўтапартрэт рэжысёра, яго братоў і разбуральнай трагедыі, якая прывяла да адчужэння адзін ад аднаго.
Фільм «Горы» Крысціяна Айнсхоя даследуе ўнутраны стан некалькіх маладых людзей і звычайнай, але ўнікальнай сям'і. Традыцыйная і адначасова непаўторная, з выразным закадравым каментаром, гэта стужка - шчырае, забаўнае, дакучлівае, самасузіральнае, а часам трошкі крынжовае падарожжа. Бацька рэжысёра купляе камеру, каб зафіксаваць жыццё, якое знікне; гэта задача ўрэшце пераходзіць да наступнага пакалення, і рэжысёр пастаянна дакументуе, аднойчы называючы сябе «агідным дзядзькам». Ён і яго сям'я - адзіныя аб'екты. Прысутнасць камеры часам выклікае дыскамфорт, але заўсёды цікавая. Урэшце камера набліжае герояў адзін да аднаго, а гледачоў — да саміх сябе.
Каментар журы