Оскараўскі намінант Магнус фон Горн у размове з мадэратарам Марцінам Лучаем з «New Europe Film Sales» абмяркуюць шлях рэжысёра ад першых студэнцкіх фільмаў да міжнароднага прызнання. Яны пагавораць пра тое, як Магнус знайшоў уласны голас, пра цяжкасці пераходу ад кароткага метра да поўнаметражных фільмаў, пра тое, як ён будаваў сваю (кіна-) сям’ю ў Польшчы, пра фільммэйкераў і мастакоў, якія яго натхняюць, а таксама пра тое, як выглядае паўсядзённае жыццё рэжысёра, калі камера не працуе.
«Nordics Explain» – новая ініцыятыва фестывалю «Паўночнае ззянне» ў Варшаве, якая злучае паўночных (скандынаўскіх) кінатворцаў, у тым ліку Магнуса фон Горна і Нілса Тофтэнава, з беларускімі стваральнікамі ў выгнанні, а таксама з маладымі рэжысёрамі і аматарамі кіно ў Польшчы.
Пра падзею
NORDICS EXPLAIN°
Марцін Лучай з 2016 года працуе ў «New Europe Film Sales», дзе ўзначальвае кірунак набыцця і развіцця праектаў, а таксама фінансуе і капрадукуе новыя фільмы. У 2021 годзе увайшоў у спіс «Лідары будучыні 2021» паводле часопісу «Screen International». Цягам гадоў у якасці праграмера, кансультанта і эксперта супрацоўнічае з рознымі рынкамі капрадукцыі, як «Cinemart» на Ратэрдамскім кінафестывалі, а таксама «Hubert Bals Fund», «Torino Film Lab Script Lab», «When East Meets West», EAVE і «Midpoint». У 2020–2022 гадах быў крэатыўным кансультантам у адной з найбуйнейшых інвестыцыйных кампаніяў кінаіндустрыі – «Anton Corp» у Лондане, дзе адказваў за еўрапейскія капрадукцыі ды іх фінансаванне. Марцін таксама сталы супрацоўнік вядучай польскай кінакампаніі «Madants». За гады працы быў задзеяны ў шэрагу праектаў як кансультант у фінансаванні і выканаўчы прадзюсар, дапамагаючы прыцягваць партнёраў і інвестараў. «New Europe» працавала над кароткаметражным фільмам Магнуса фон Горна, а таксама над ягонымі першымі дзвюма поўнаметражнымі працамі – «Пасля гэтага» і «Пот».
Марцін Лучай
Удзельнікі
Магнус фон Горн – адзін з самых загадкавых і эклектычных галасоў еўрапейскага кіно. Нарадзіўся ў Ётэборгу, жыве ў Варшаве. Творы Магнуса балансуюць на стыку краінаў, моваў і жанраў, але заўсёды захоўваюць непаўторны стыль. Пасля заканчэння Лодзінскай кінашколы пачаў кар’еру з серыі адзначаных узнагародамі кароткаметражных фільмаў. Пераход да поўнаметражнага кіно стаўся смелым крокам наперад. Фільм «Пасля гэтага» (2015), зняты ў Швецыі, даследаваў сацыяльныя наступствы злачынства ў маленькім гарадку, а «Пот» (2020) прынёс радыкальную змену стылю і сфакусаваўся на самоце сучаснага онлайн-жыцця. Апошні фільм, «Дзяўчына з іголкай» (2024), меў прэм'еру на Канскім кінафестывалі, атрымаў намінацыю на «Оскар» і прэзентаваў гледачам візуальна строгую працу з маральнаю глыбінёй, якая скарыла сусветную аўдыторыю.