03–23˚ лістападА’25
панэльная дыскусія
19.11 — 18:00 (GMT +2)
Уваход вольны
Талін, Беларускi дом ў Эстоніі
Pärnu mnt, 6
Мова падзеі: англійская

Як беларускія фільммэйкеры адкрываюць свет

Гісторыі выпрабаванняў і поспехаў
Фота: Rafał Nowak
Не зважаючы на адарванасць ад дому, складанасці эміграцыі, адсутнасць фінансавання ды безліч іншых праблемаў, беларускае кіно ўсё адно жыве, а фільммэйкеры распачынаюць новыя праекты і ездзяць на сусветныя кінафестывалі. Як ім гэта ўдаецца? Падчас дыскусіі пагаворым пра поспехі і здзяйсненні, якія, вядома ж, не атрымаліся б без вялізнай працы, досведу ўласных памылак, смеласці і трошачкі шанцавання.

Госці дыскусіі – Воля Чайкоўская, чый фільм «Не створаныя для палітыкі» зусім нядаўна меў прэм’еру на PÖFF у Талліне, Мара Тамковіч, якая апавядае ўсяму свету гісторыю беларускіх журналістак у стужцы «Пад шэрым небам», і Сяргей Кавалёў, які сёлета браў удзел у «Berlinale» як аператар фільму «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», а цяпер развівае ўласны архіўны праект «Калыска», збіраючы беларускія гоўм-відэа з 90-х.

Пра падзею

Мара Тамковіч – польска-беларуская сцэнарыстка і рэжысёрка. Нарадзілася ў Мінску (Беларусь), пераехала ў Польшчу, каб вучыцца на факультэце журналістыкі Варшаўскага ўніверсітэту. Вывучала рэжысуру ў Варшаўскай кінашколе і Школе Вайды. На працягу амаль дзесяці гадоў Мара працавала журналісткай у незалежных беларускіх медыях, якія транслююць з Польшчы. Ейныя фільмы прысвечаныя сацыяльна значным тэмам, цесна звязаным з рэчаіснасцю, і былі прэзентаваныя на шматлікіх фестывалях у Польшчы і за мяжой, у тым ліку на Міжнародным кінафестывалі ў Чыкага, Турынскім кінафестывалі, Мінскім МКФ, фестывалі FEST – New Directions | New Films Festival ды іншых, атрымаўшы больш за 30 узнагародаў. Прэм'ера першай поўнаметражнай стужкі «Пад шэрым небам» адбылася на фестывалі «Tribeca». Фільм атрымаў прэмію «Найлепшы дэбют» на Польскім кінафестывалі ў Гдыні.
Мара – сябра Гільдыі польскіх рэжысёраў і Беларускай незалежнай кінаакадэміі.
Мара Тамковіч
Сяргей Кавалёў – беларускі кінааператар і дакументаліст, стваральнік і су-заснавальнік студыі MediaHUB Batumi.
Пачаў кар’еру ў 2008 годзе як аператар. 2011-2020 гады працаваў на тэлеканал Белсат ТВ. Здымаў навіны, рэпартажы, дакументальныя перадачы і фільмы. У 2020 годзе паступіў на гадавую праграму ў кінашколу ў Лодзі, клас аператарскага майстэрства. У 2022, як су-рэжысэр зрабіў сярэдні фільм «Галасы. Дзе мой край». У 2024-м зрабіў кароткі фільм «Кантролер Папы Бо». Таксама працаваў у якасці аператара над фільмам «Лебядзіная песня Фёдара Озёрава» (2025).
Сяргей Кавалёў

Удзельнікі

Воля Чайкоўская – беларуская прадзюсарка і рэжысёрка, жыве ў Эстоніі. Працуе ў кінакампаніі Allfilm. Атрымала магістарскую ступень у рэжысуры і прадзюсаванні дакументальнага кіно ў Baltic Film and Media School у Таліне. Заснавальніца незалежнага беларускага кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра VODBLISK, сузаснавальніца Незалежнай беларускай кінаакадэміі. Выступіла прадзюсаркай такіх фільмаў, як «Дарога» (2016), «Мая бабуля з Марса» (2018), «Свята» (2019), «Ёёгі» (2022). Першая дакументальная праца Волі як рэжысёркі, «Агульная мова», была прэзентаваная ў 2020 у Йіглаве ў секцыі кароткаметражнага кіно. Цяпер Воля працуе над некалькімі дакументальнымі і мастацкімі фільмамі як прадзюсарка. У лістападзе 2025 на Талінским кінафестывале «Цёмныя ночы» адбылася прэм'ера яе поўнаметражнага рэжысёрскага дэбюту – «Не створаныя для палітыкі».
Воля Чайкоўская

Можа быць цікава